Лідзія Ярмошына: “Прапарцыйную сыстэму можна сьмела назваць антынароднай”

Ул. інф. Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына лічыць, што прапарцыйная выбарчая сістэма не адпавядае інтарэсам народу.
“Калі зыходзіць з падтрымкі насельніцтвам палітычных партыяў, то паводле таго нязначнага ўзроўню падтрымкі, які сёньня маюць беларускія палітычныя партыі прапарцыйную сыстэму можна сьмела назваць антынароднай” – заявіла старшыня Цэнтарвыбаркаму.

Яна мяркуе, што аптымальнай для Беларусі зьяўляецца зьмяшаная выбарчая сыстэма.

Нагадаем, што цяпер у Беларусі дзейнічае мажарытарная сістэма выбараў. Зьмяшаная сыстэма, пры якой частка дэпутатаў парлямэнту абіраецца па мажарытарных акругах, а іншыя – паводле партыйных сьпісаў, дзейнічае ў шэрагу краінаў сьвету, у тым ліку і ў суседзяў Беларусі: у Літве, ва Ўкраіне, у Расеі.

Цяпер у Расеі актыўна абмяркоўваецца прапанова прэзыдэнта Пуціна перайсьці на цалкам прапарцыйную сыстэму выбараў дэпутатаў, на сыстэму, якая, на думку Лідзіі Ярмошынай, не адпавядае інтарэсам народа.