Пазьняк расказаў пра Каліноўскага, Касьцюшку, Слуцкае паўстаньне ў эфіры і на наступны дзень яго звольнілі з працы

Алег Грузьдзіловіч, Менск Нядаўна карэспандэнт Сеньнінскага раённага радыё Алесь Пазьняк выпусьціў у эфір перадачу апазыцыйнага зьместу. Чаму “ўзбунтаваўся” журналіст дзяржаўнага радыё, чым гэта для яго скончылася і што пра ягоны ўчынак думаюць жыхары Сянно, высьвятляў наш карэспандэнт.
21-гадовы Алесь Пазьняк зараз адзін з самых вядомых у Сянно людзей:

“А-а-а, гэта ж наш бунтар – камікадзэ” – сказала апэратарка службы даведкі Сянно і адразу дала хатні тэлефон журналіста.

Алесь распавёў, што зь ім адбылося. У перадапошні дзень кастрычніка Сеньнінскае раённае радыё, як ранейшыя два гады, у апошні раз загучала ягоным голасам. Толькі замест звыклага рэпартажу з палеткаў ці фэрмаў карэспандэнт пачаставаў сваіх слухачоў незвычайнай лекцыяй.

(Пазьняк: ) “Пачаў з таго, што 25 жніўня 1991 году Беларусь набыла незалежнасьць, спыніўся на эканамічных прыярытэтах Беларусі, згадаў Касьцюшку, Каліноўскага, герояў Слуцкага паўстаньня, тых, хто выйшаў бараніць Беларусь і скончыў заклікам падымацца з каленаў, наперад – за волю, за незалежнасьць”.

Праз два дні Алесь Пазьняк даведаўся, што яго звольнілі з працы. Малады чалавек кажа, што звальненьне пазначылі заднім чыслом, каб атрымалася, што ў эфір ён выйшаў незаконна. Але, паводле журналіста, гэты быў заплянаваны эфір, толькі зьмест незвычайны.

“Больш ня мог цярпець дзяржаўнае хлусьні. У Сянно няма свабоды друку. Мяне, як журналіста, прыціскалі.”– патлумачыў свой учынак Алесь Пазьняк.

У якасьці прыкладу ён распавёў пра тое, як падчас выбарчай кампаніі яго прымушалі прапагандаваць за афіцыйнага кандыдата, а пра незалежных інфармацыі не было.

Начальнік Алеся Пазьняка, рэдактар мясцовай газэты Міхал Бялоў дае сваю вэрсію здарэньня. Паводле спадара Бялова, карэспандэнт Пазьняк напярэдадні прагуляў два працоўных дні, а калі яго папярэдзілі аб звальненьні, фактычна пайшоў на незаконны захоп радыёвузла.

(Бялоў: ) “Інакш не магу назваць гэты ўчынак як радыёхуліганствам. Бо ён быў звольнены з працы за прагулы яшчэ 29-га чысла”.

Што да несправядлівага разьмеркаваньня эфірнага часу паміж кандыдатамі ў дэпутаты, паводле Міхала Бялова незалежныя кандыдаты самі не рваліся ў эфір.

Што думаюць жыхары Сянно пра ўчынак маладога журналіста?

Паводле Алеся Пазьняка, цягам трох дзён пасьля незвычайнай перадачы ягоны тэлефон ня меў адпачынку ад званкоў і сярод водгукаў не было ніводнага адмоўнага. Усе віталі, прапаноўвалі дапамогу альбо выказвалі спачуваньні з прычыны будучых дрэнных наступстваў.

Але пакуль акрамя звальненьня з працы нічога з Алесем Пазьняком не адбылося, і ён дагэтуль адчувае незвычайны душэўны ўздым.

(Пазьняк: ) “Сёньня я сябе адчуваю птушкай вольнай, пакуль што. Якая ні чым не абцяжараная, якая скінула з сябе ўвесь баляст”.

Днямі рэдактара газэты “Голас Сеньніншчыны” Міхала Бялова выклікалі па тлумачэньні да абласнога начальства. Ці ўжо скончылася для яго гэтая гісторыя, рэдактар раёнкі ня ведае.