Віцебскі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу Валерыя Шчукіна

Браніслава Станкевіч, Віцебск Колькі месяцаў таму вядомы праваабаронца ініцыяваў судовы працэс супраць старшыні полацкага гарвыканкаму Уладзімера Тачылы, які надрукаваў некалькі артыкулаў у газэтах «Полацкі весьнік» ды «Народная воля», дзе былі радкі пра тое, што спадару Шчукіну «бракуе мужнасьці». Гэтыя словы, на думку Валерыя Шчукіна, псуюць ягоную рэпутацыю, а таксама зьневажаюць чалавечы ды грамадзянскі гонар.
Судовая справа зацягнулася амаль на паўгода. Спачатку ў Полацкім судзе яе ўвогуле не прынялі да разгляду, і Валерыю Шчукіну давялося зьвяртацца са скаргаю ў Віцебскі абласны суд. Потым судзьдзя Зузана Плакса падтрымала пазыцыю старшыні мясцовага гарвыканкаму, які катэгарычна не пагадзіўся з тым, што ягоныя словы можна расцэньваць як абразу.

Гэтае самае меркаваньне прагучала сёньня і ў віцебскім абласным судзе, куды Валеры Шчукін зьвярнуўся з касацыйный скаргай. Віцебскія судзьдзі пастанавілі, што канфлікт задужа дробны, каб праводзіць паўторнае разьбіральніцтва. І што «сярэдняга чытача » дужа мала цікавіць палеміка паміж незалежнымі журналістамі ды дзяржаўнымі чыноўнікамі, каб на гэтай падставе рабіць высновы пра чыісьці асабістыя якасьці.

Нязгодны з гэтым спадар Шчукін мае намер пісаць наступную скаргу – ужо старшыні абласнога суду. А заадно ён хацеў бы высьветліць, паводле якіх зьнешніх або ўнутраных прыкметах сябры судовай калегіі вылічваюць «сярэдняга чытача».