Антытэрарыстычная апэрацыя ў Гаазе

ГААГА. АМСТЭРДАМ. Галяндзкія афіцыйныя асобы паведамілі, што трое паліцэйскіх былі параненыя ў выніку выбуху гранаты падчас антытэрарыстычнай апэрацыі ў Гаазе. Паліцыя акружыла жылы дом, дзе хаваліся некалькі падазраваных у прыналежнасьці да ісламскіх тэрарыстычных апэрацыяў. Тыя аказалі сур’ёзны супраціў. Міністар іміграцыі Нідэрляндаў Рыта Вэрдонк заявіла, што краіны Эўразьвязу сутыкнуліся з пагрозай павелічэньня экстрэмізму сярод маладых мусульманаў. Эўразьвяз павінны тэрмінова павялічыць інтэграцыю мусульманскіх супольнасьцяў у эўрапейскі кантэкст, заявіла міністарка. Галяндзкі прэм’ер Пітэр Болкенэндэ заклікаў галяндцаў да вяртаньня цярпімасьці, бо апошнім часам, асабліва пасьля забойства Тэа Ван Гога, пачасьціліся напады на мусульманскія ўстановы.