Трэці апэратар GSM будзе называцца “Best” і будзе на 100% дзяржаўным

Юлія Шарова, Менск Заснавальнікамі дзяржаўнай кампаніі, якая стане трэцім апэратарам мабільнай сувязі стандарту GSM, будуць навукова-вытворчае аб’яднаньне “Агат” ды прадпрыемства “Белтэлекам”.
Як паведамляюць у Міністэрстве сувязі, новая кампанія атрымае назву “Best”.

Чакаецца, што доля “Агата” складзе там больш за 70 адсоткаў. Вядома, што адно з ключавых упраўленьняў гэтага прадпрыемства ўзначальвае сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар.

Бізнэс-плян новай кампаніі зьявіцца ў канцы лістапада. Ён будзе утрымліваць тэрміны ўвода абсталяваньня, аб’ём фінансаваньня праекту, прыкладны памер абанэнцкай базы. Пасьля вызначэньня канкрэтнай сумы патрэбных інвэстыцыяў будуць прыцягваць крэдыты пад гарантыю ўраду.