Гарадзенскі журналіст Павал Мажэйка выйшаў на свабоду і спыніў галадоўку

Ганна Соусь, Менск Гарадзенскі журналіст Павал Мажэйка завяршыў галадоўку пратэсту. Сёньня скончыўся тэрмін яго адміністратыўнага арышту ў спэцпрыёмніку Кастрычніцкага РАУС Горадні, куды ён трапіў у адпаведнасьці з рашэньнем суду Ленінскага раёну Горадні за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці 4 кастрычніка. З Паўлам Мажэйкам пагутарыла нашая карэспандэнтка.
Старшыня гарадзенскай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Павал Мажэйка кажа, што адчувае сябе больш-менш нармальна пасьля сямідзённай галадоўкі.

(Мажэйка: ) “Гэта мая першая галадоўка ў жыцьці, такая галадоўка пратэсту, сур’ёзная. На дзіва, адчуваю сябе вельмі добра, і фізычна, і духоўна. Я карыстаўся парадамі мэдыкаў, піў шмат вады, можа да 4 літраў вады ў дзень. Але парады мэдыкаў – гэта толькі невялікі працэнт пасьпяховай галадоўкі, а найважнейшае – гэта вера ў тое, што галадаеш дзеля сумленнай, прыстойнай справы”.

Павал Мажэйка абвясьціў галадоўку 1 лістапада на знак пратэсту супраць рашэньня судзьдзі Ленінскага раёну Горадні Вікторыі Кулакоўскай, якая прызначыла яму сем сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці 4 кастрычніка. Тады Павал Мажэйка разам са сваімі калегамі-журналістамі выказваў пратэст супраць прысуду рэдактару гарадзенскай газэты "Біржа інфармацыі" Алене Раўбецкай, якую суд Ленінскага раёна прызнаў вінаватай у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку і прысудзіў да вялікага штрафу.

Я запыталася ў Паўла Мажэйкі, што ён лічыць асноўным вынікам сваёй галадоўкі пратэсту.

(Мажэйка: ) “Рэакцыя ў самой Беларусі. Як мне потым расказалі міліцыянты пра дзясяткі тэлефанаваньняў абсалютна розных людзей, нават вэтэранаў, як мне распавядалі. Плюс міжнародная рэакцыя. Мне здаецца, што гэта й ёсьць асноўны вынік, што чарговы раз была зьвернутая ўвага на сытуацыю з правамі чалавека, са свабодай слова ў сьвеце і ў самой Беларусі”.

Павал Мажэйка кажа, што ўмовы ў спэцпрыёмніку Кастрычніцкага РАУС Горадні былі проста жахлівымі.

(Мажэйка: ) “Уявіце сабе камэру 3 на 3 мэтры, дзе ўсе сьпяць на падлозе. Страшэнная сьпякота, таму што ў той дзень, калі мяне асудзілі, там уключылі ацяпленьне. У гэтай камэры ёсьць два акенцы, але з боку вуліцы яны забітыя такой бляхай. Фактычна дыхаць няма чым. Нас было 6 чалавек. І ўсе акрамя мяне палілі. Выводзілі раз на дзень а 6 раніцы памыць твар. Гігіенічных умоваў не было абсалютна ніякіх. Чытаць было немагчыма, бо былі толькі дзьве закратаваныя лямпачкі. Цемра”.

Распавёў кіраўнік Гарадзенскай філіі Беларускай Асацыяцыі журналістаў Павал Мажэйка.