Гомельская вобласьць ня можа выкарыстаць чарнобыльскіх грошай на закупку мэдычнага абсталяваньня

Казімер Яноўскі, Гомель Гомельская вобласьць пакуль ня можа выкарыстаць так званых чарнобыльскіх грошай на закупку мэдычнага абсталяваньня. Зьвязана гэта з новым парадкам набыцьця тэхнікі для шпіталяў.
Апошнім часам высілкі ўправы аховы здароўя і рэгіянальнай структуры ў пытаньнях Чарнобылю скіраваны на тое, каб як мага найхутчэй выкарыстаць усе 6,7 мільярда рублёў на закупку мэдычнага абсталяваньня. Гаворыць галоўны спэцыяліст чарнобыльскай управы аблвыканкаму Рыгор Бабенка:

(Бабенка: ) “Праблема ў тым, што цяпер тэндэрныя закупкі абсталяваньня зарганізоўвае Міністэрства аховы здароўя і ягоны канцэрн “Белмэдтэхніка”. Раней гэта дазвалялася рабіць аблвыканкамам. Апошнім часам празь “Белмэдтэхніку” нам удалося набыць рэнтгенаўскія апараты, прыборы для штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, лябараторныя модулі для санстанцыяў. Але звыш 2 мільярдаў рублёў яшчэ засталіся. Пакуль мы падвісьлі ў паветры”.

Сродкі на мэдычнае абсталяваньне паводле ўказу ды распараджэньняў дзяржаўных органаў зьбіраюцца за кошт скасаваньня чарнобыльскіх выплатаў насельніцтву ў заражаных раёнах. Аднак калі па часе грошы ня будуць выкарыстаны, яны застануцца ў бюджэце краіны. У такім разе мэдычныя ўстановы не атрымаюць заплянаваных ультрагукавых установак, лічыльнікаў вымярэньня радыяцыі ў арганізьме чалавека, фібрабронхаскопаў ды іншай тэхнікі.

Цэнтралізацыя закупак мэдычнага абсталяваньня, апрача навядзеньня парадку ў гэтай справе, мае, на думку адмыслоўцаў, і яшчэ адзін бок. Гаворыць бугальтарка ўправы аховы здароўя Тамара Казачэнка:

(Казачэнка: ) “Баяцца, каб карупцыі не было. Але калі ў “Мэдтэхніку” паступаюць замовы з рэгіёнаў на лячэбнае абсталяваньне, іх трэба яшчэ дасканала вывучыць, а ўжо потым зарганізоўваць тэндэры. На ўсё гэта патрэбны час. Бяз гэтага ніхто нічога ня зробіць. Нядаўна атрымалі зь Міністэрства аховы здароўя велізарны сьпіс, дзе дэталёва сказана, якое абсталяваньне і як мы павінны купляць”.