3 лістапада 1961 году ў Менску пачалі дэмантаваць помнік Сталіну

Галіна Жарко, Менск 3 лістапада 1961 году газэты паведамілі пра перайменаваньне Сталінскага раёну сталіцы ў Заводзкі – быццам бы ўлічваючы шматлікія прапановы працоўных. Конкурс на стварэньне помніка Сталіну таксама абвяшчаўся паводле прапановаў працоўных. Але ніводнага радка аб зруйнаваньні гэтага помніка ў савецкіх газэтах не зьявілася. Старажылы Менска памятаюць, што зносіць яго пачалі 3 лістапада, і зрабіць гэта было нялёгка...
Скінуць з пастамэнту фігуру нядаўняга правадыра было ня так складана, як зруйнаваць сам пастамэнт. У 1952 годзе будаўнікі трэсту №3 “Галоўмінскбуд”, выконваючы па дзьве нормы ў зьмену, уклалі каля 700 м куб бэтону. На абліцоўку пастамэнту й пляцоўкі пайшло 600 квадратных мэтраў граніту, прывезенага з Жытомірскае вобласьці. Вось як успамінае падзеі больш чым саракагадовай даўніны пісьменьнік Уладзімер Мехаў:

(Мехаў: ) “Тры дні гэты падмурак ніяк не маглі ўзарваць. Работа ішла і ўдзень, і ўночы. Днямі тоўпіўся народ, які ўжо ведаў пра Сталіна, што гэта ня бацька народаў, ня геній з геніяў. Але зводдаль стаялі людзі, якія глядзелі на гэта з абурэньнем. Лічылі гэта сьвятатацтвам. Успомніць Заіра Азгура, дык ён да канца сваіх дзён лічыў гэта актам вандалізму. Бо ў Ленінградзе пры савецкай уладзе стаялі, іх не ўзрывалі, помнікі й Мікалаю І, які павесіў пяцёх дзекабрыстаў, і Кацярыне Вялікай, і Пятру І. Стаялі як творы мастацтва”.

Фігура Сталіна, высока ўзьнесеная на пастамэнце, мела 8 з паловаю мэтраў вышыні. Гэта быў вобраз пераможцы, бо пасьля вайны такі быў канон адлюстраваньня Сталіна.

Ці быў помнік Сталіну на Цэнтральнай плошчы ў Менску высокамастацкім творам? Агульнапрызнаны факт, што гэта была таленавітая работа Заіра Азгура. Разам зь ім працавалі скульптары Бэмбель і Сэліханаў. Увасабленьне вобраза правадыра магло быць даручана толькі самым таленавітым мастакам. Конкурс на стварэньне гэтага помніка быў закрытым. Вось што кажа супрацоўніца музэя Заіра Азгура мастацтвазнаўца Вольга Рудніцкая:

(Рудніцкая: ) “Работа над гэтым вобразам была адначасова ганаровай і сур’ёзнай. Мастак мог сьцьвердзіць вышэйшую кваліфікацыю. Вы б толькі пачыталі, што пісалі крытыкі ў мастацкіх часопісах тае пары. То фатаграфізм, то недастаткова рэалістычны, то ня ў той момант думы адлюстраваны, то вусы распушаныя... Азгур валодаў пачуцьцём меры”.

Бронзавая фігура Сталіна прастаяла ў цэнтры Менску ўсяго 8 гадоў. А ставілася на стагодзьдзі. Былі зробленыя магутныя ўмацаваньні, і калі фігуру сьцягвалі з пастамэнту, яе не маглі не пашкодзіць. Але, як сьцьвярджаюць мастацтвазнаўцы, ніякія дэталі скульптуры адбіцца не маглі.

Важыў бронзавы Сталін 15 тон. Дзе падзеўся – невядома. А вось камень з пастамэнту помніка сёлета нечакана зьявіўся у Курапатах. На месцы масавага расстрэлу ахвяраў сталінскага генацыду днямі паставілі памятны знак на ўспамін аб палеглых тут габрэях. Па словах рэжысэра Юры Хашчавацкага, тое, што камень паходзіць менавіта з помніка Сталіну, павінна стаць напамінам цяперашнім дыктатарам: сьведчаньні іхных злачынстваў будуць напісаныя на рэштках тых самых помнікаў, якія яны яшчэ пры жыцьці ставяць самі сабе.