Выбары ў ЗША: адны назіральнікі будуць назіраць ва ўчастках, а іншыя – на адлегласьці 90 мэтраў

Сьвятлана Курс, Менск Міжнародныя назіральнікі прыбываюць у ЗША для маніторынгу прэзыдэнцкіх выбараў 2 лістапада. Асабліва зацікаўленае назіраньне будзе ў Фларыдзе, Агаё і некалькіх іншых штатах, у якіх найбольшая колькасьць выбарцаў і непрадказальны вынік галасаваньня. Аднак у некаторых амэрыканскіх штатах міжнародных назіральнікаў, у тым ліку беларускіх дыпляматаў, не дапусьцяць у выбарчыя участкі бліжэй чым на 90 мэтраў.
На выбарчыя ўчасткі будуць дапушчаныя афіцыйныя назіральнікі запрошаныя Дзярждэпартамэнтам ЗША ад АБСЭ (іх абазначаюць тэрмінам “monitors”), у той час як астатнія міжнародныя назіральнікі, аб’яднаныя тэрмінам “observers” (неафіцыйныя назіральнікі), будуць знаходзіцца на адлегласьці звычайна за 90 м і могуць назіраць за выбарамі хіба што ў бінокль.

Гэтак, беларускіх дыпляматаў не дапусьцілі да непасрэднага назіраньня на ўчастках у штатах Вірджынія, Заходняя Вірджынія, Мэрылэнд і акрузе Калюмбія. Міністэрства замежных справаў Беларусі выразіла афіцыйны пратэст амбасадару ЗША з гэтай нагоды, а беларуская амбасада ў ЗША заявіла, што Злучаныя Штаты адмаўляюцца акрэдытоўваць незалежных назіральнікаў, чым парушаюць Капэнгагенскія пагадненьні 1990 году.

Стывэн Пайк, прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША, заявіў, што беларуская афіцыйная заява ўводзіць у зман. Вашынгтон выканаў міжнародныя пагадненьні і абавязкі што да правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў, запрасіўшы да маніторынгу выбараў 75 афіцыйных назіральнікаў ад АБСЭ, сярод якіх ёсьць і прадстаўнікі Беларусі.

Назіральнікі АБСЭ маюць права прысутнасьці на ўчастках і ўмяшаньня ў выпадкі парушэньняў выбарчага працэсу. Больш за тое, у ЗША палітычныя кандыдаты маюць права мець на кожным выбарчым участку сваіх прадстаўнікоў у якасьці афіцыйных назіральнікаў.

Тым часам Урдур Гуннасдотыр, прэсавая сакратарка Бюро АБСЭ, заявіла, што лічыць такую практыку падзяленьня міжнародных назіральнікаў непрымальнай.

(Гуннасдотыр: ) “Мы адпрэчвалі гэта ў Беларусі і адпрэчваем гэта ў іншых краінах – калі нам кажуць, што некаторыя назіральнікі могуць прыехаць, а некаторыя – не. Альбо ўсе прыяжджаюць, альбо ніхто”.

Выбарчы працэс ў ЗША, у прыватнасьці, акрэдытацыя назіральнікаў, рэгулюецца заканадаўствамі асобных штатаў. І назіральнікам даводзіцца атрымоўваць акрэдытацыю не ад ураду ЗША, а ад кожнага штату ці графства. Прытым ні Дзярждэпартамэнт ЗША, ні іншая ўладная структура ня можа накінуць штату сваю волю і прымусіць акрэдытаваць незалежных назіральнікаў.

Тым часам, рэжысэр Майкл Мур, стваральнік дакумэнтальнага фільму “Фарэнгайт 9/11”, зьнятага ў стылі Юр’я Азаронка, заявіў, што выставіць ля выбарчых участкаў у Фларыдзе і Агаё 1200 відэаапэртараў, якія будуць запісваць на відэастужку выбарчы працэс, што мусіць калі не напалохаць тых, хто мае намер фальшаваць вынікі выбараў, дык прынамсі паслужыць выкрывальным рэчавым доказам супраць парушальнікаў.