На Дзяды літоўцы ўводзяць спрошчаны рэжым пераходу мяжы для беларусаў памежжа

Тацяна Поклад, Вільня Сёньня літоўская служба дзяржаўнай аховы мяжы паведаміла, якія будуць створаныя умовы на Дзяды, каб жыхары беларуска-літоўскага памежжа маглі без перашкодаў наведаць могілкі сваякоў.
Сёлета амаль 700-кілямэтровая беларуска-літоўская мяжа сталася ня толькі дзяржаўнай мяжой, але і вонкавай мяжой Эўразьвязу – адпаведна зьмяніўся памежны кантроль, былі скасаваныя ўсе палёгкі для жыхароў памежных рэгіёнаў. Значна зьменшылася колькасьць кантрольна-прапускных пунктаў. Цяпер памежным жыхарам, каб наведаць могілкі каля сваёй вёскі, даводзіцца праяжджаць па 200 км да бліжэйшага КПП.

З нагоды Дзядоў ад заўтра (30 кастрычніка) да 8 лістапада будуць дзейнічаць пяць кантрольна-прапускных пунктаў спрошчанага кантролю, якія былі закрытыя у 2002 годзе – Пятулявічы і Місканцы у Воранаўскім раёне, Пяцкуны у Іўеўскім раёне, Грыга-Грагароўе на Ашмяншчыне і Кемелішкі ў Астравеччыне.

Праз гэтыя пяць кантрольна-прапускных пунктаў змогуць перасякаць мяжу толькі жыхары памежных раёнаў з адпаведнымі падарожнымі дакумэнтамі, якія не вязуць ніякіх тавараў і толькі у сьветлую пару сутак.

Ранейшыя афіцыйныя прапановы Літвы да Беларусі адносна бясплатных візаў у Літву для беларускіх грамадзянаў і адкрыцьця пастаянных дадатковых пунктаў памежнага кантролю пакуль застаюцца бяз адказу.