У Горадні судзяць журналістаў

Сяргей Астраўцоў, Горадня Другі дзень суду над Паўлам Мажэйкам, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці. Ён — кіраўнік гарадзенскай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў. 4 кастрычніка на вуліцы Савецкай у Горадні журналісты пратэставалі супраць пакараньня Алены Раўбецкай — галоўнай рэдактаркі газэты “Биржа Информации”. За публікацыю пра абвешчаны рэфэрэндум суд аштрафаваў яе на 70 базавых велічыняў. Пасьля пікетаваньня некалькі журналістаў прайшлі па вуліцы, трымаючы аркушыкі са словамі “Ў Горадні судзяць журналістаў”. У судовым працэсе зроблены перапынак да 1 лістапада.
Паўла Мажэйку міліцыянты затрымалі на вуліцы ў сераду 27 кастрычніка і завезьлі ў суд. У міліцэйскім пратаколе было запісана, што ён, нібыта, удзельнічаў у несанкцыянаваным шэсьці. Павал папрасіў судзьдзю, каб яму дазволілі мець адваката. Хадайніцтва задаволілі. Аднак сёньня ён абараняў сябе сам, паколькі адвакат, якому ён давярае, быў заняты. Павал Мажэйка гаворыць:

(Мажэйка: ) “Відавочна, што не хацелі перад рэфэрэндумам, перад выбарамі рабіць шум у Горадні. Каб захаваць свой твар перад міжнароднымі назіральнікамі, перад АБСЭ. А пасьля, калі фактычна дзякуючы журналістам увесь сьвет прызнаў несапраўднасьць вынікаў, фальсыфікацыі, у іх рукі былі ўжо разьвязаныя, яны вырашылі ўзяцца за пакараньне тых самых журналістаў”.

Трэба сказаць, што сам Павал Мажэйка ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі незалежнага кандыдата ў дэпутаты Аляксандра Мілінкевіча.

Пасьля сёньняшняга суду міліцыянты склалі пратаколы на супрацоўніцу выданьня “Биржа Информации” Натальлю Макушыну і яе мужа Анатоля, якія таксама ўдзельнічалі ў журналісцкай акцыі 4 кастрычніка. Іхная адміністрацыйная справа будзе разглядацца ў судзе 3 лістапада.

На здымку: Павал Мажэйка, фота С.Астраўцова