Сустракаўся зь Сьвёнткам, чытаў Гашка

Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".
Мінулым тыднем кардынал Казімер Сьвёнтак адзначыў сваё 90-годзьдзе. Віншуючы юбіляра па-беларуску, казалі й пісалі то пра Сьвёнтака, то пра Сьвёнтка. Які з варыянтаў заканамерны, як скланяем па-беларуску названае ды аналягічныя яму ўласныя імёны? У заходнеславянскіх імёнах і прозьвішчах тыпу Збышак, Здэнек, Марак, Гашак, Мрожак, Сьвёнтак суфіксальныя гукі [а], [э] беглыя – пры зьмене слова яны чаргуюцца з нулём гуку. Бегласьць галосных – звычайная зьява для нашай мовы: акраец – акрайца, дадатак – дадатку, маёнтак – маёнтку, Францішак – Францішка. Няма ніякіх падставаў пры беларускім скланеньні славянскіх імёнаў ігнараваць зыходную бегласьць галоснага. Вось жа, як Францішка, так і Збышка, Здэнька, Лешка, Марка, Гашка, Герэмка, Мрожка, Чапка. “Празарліўства Яраслава Гашка добра відаць у праскім музэі васковых фігураў”, – чытаем у запісах Адама Глёбуса. “Адначасна са сьмерцяй Яцка Кураня закончыўся час і эпоха змагароў за ідэю”, – напісаў Сакрат Яновіч з выпадку сьмерці знанага польскага палітыка.

Як бачым, будзе правільна, калі скажам, што ведаем кардынала Казімера Сьвёнтка, што сустракаліся зь Сьвёнткам, шмат чулі аб Сьвёнтку.