Чаму зьмяніўся сацыялягічны твар грамадзтва напярэдадні рэфэрэндуму?

Валер Карбалевіч, Менск (эфір 27 кастрычніка). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) Аляксандар Сасноў і галоўны рэдактар часопісу “Arche” Валер Булгакаў.
(Валер Карбалевіч: ) “Тое, што адбылося з грамадзкай сьвядомасьцю напярэдадні рэфэрэндуму, можна назваць фэномэнам. За апошнія паўтара году суадносіны прыхільнікаў і праціўнікаў трэцяга тэрміну Лукашэнкі значна памяняліся. Гэткая зьява рэдкая ў сацыялёгіі. Паводле зьвестак НІСЭПД у сакаваку 2003 году ў падтрымку трэцяга тэрміну Лукашэнкі выказвалася толькі 17% насельніцтва, а супраць было 47%. То бок, праціўнікаў гэтай ідэі было ў 2,8 разу больш, чым прыхільнікаў.

Потым карціна зьмянілася, пачала праяўляцца тэндэнцыя збліжэньня колькасьці прыхільнікаў і праціўнікаў. А да моманту аб’яўленьня рэфэрэндуму гэты сацыялягічны малюнак перавярнуўся. Паводле зьвестак Балтыйскага філіялу Інстытуту Гэлапа, на самім рэфэрэндуме ў падтрымку пытаньня, прапанаванага Лукашэнкам, прагаласавала 54% выбаршчыкаў ад колькасьці тых, што прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, і 48,4% — ад сьпіскавага складу. То бок, прыхільнікаў гэтай ідэі апынулася прыкладна на 10% больш, чым праціўнікаў.

Згодна з правіламі сацыялёгіі, тых, што ня вызначыліся, далучаюць да большасьці. Паўтара году таму большасьць была даволі значная. Але ў выніку ня толькі тыя, што ня вызначыліся, далучыліся да меншасьці, але і нават частка тых, хто быў “супраць”, стаў “за”. Чым вы можаце патлумачыць такую цікавую зьяву?”

(Аляксандар Сасноў: ) “Справа ў тым, што калі пытаньне стаяла ў тэарэтычным пляне, то рэспандэнты адказвалі, зыходзячы з сваіх меркаваньняў. Але з чэрвеня 2004 году, калі ўлада ўзяла курс на рэфэрэндум, пачаў ажыцьцяўляцца падрыхтаваны плян узьдзеяньня на насельніцтва. Улады пачалі рабіць штучныя, але моцныя захады. Напрыклад, у жніўні была падвышаная пэнсія. А пэнсіянэры складаюць траціну выбаршчыкаў. Таксама было абвешчана, што з 1 лістапада будуць падвышаныя пэнсіі, стыпэндыі, заробкі як бюджэтнікаў, так і працаўнікоў сфэры матэрыяльнай вытворчасьці. Пачала моцна працаваць ідэалягічная вэртыкаль. Гэтым і тлумачацца такія вынікі галасаваньня”.

(Валер Булгакаў: ) “Я згаджуся з Сасновым наконт названых прычынаў. Сапраўды, агітпроп актыўна працаваў. На прапаганду выдаткоўваліся шалёныя грошы. Прычым, гэтая прапаганда вялася, відавочна, з парушэньнем выбарчага заканадаўства. Можна згадаць, напрыклад, спэцвыпыск газэты “Советская Белоруссия” з накладам, па некаторых зьвестках, 3,8 мільёна асобнікаў. Але нельга ўсё зводзіць да прапаганды і эканамічных чыньнікаў.

На мой погляд, тут існуе яшчэ адна акалічнасьць, якую пункцірна закрануў мой суразмоўца. Сапраўды, да пэўнага моманту развагі пра трэці тэрмін для шараговага выбарца насілі абстрактны і тэарэтычны характар. Я лічу, што да канца лета, пакуль Лукашэнка публічна не аб’явіў рэфэрэндум, некаторыя верныя лукашэнкаўцы таксама былі супраць трэцяга тэрміну. Калі наверсе рашэньне не прынятае, застаецца няпэўнасьць. Апошнія два гады існавала шмат чутак на гэтую тэму, якія не знаходзілі пацьверджаньня. І як толькі іхны лідэр даў адмашку, гэты электарат змабілізаваўся, і таму зьявіліся такія нечаканыя вынікі”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы прапанаваць сваю вэрсію гэтай зьявы. Як ужо казалі мае суразмоўцы, пакуль рэфэрэндум ня быў аб’яўлены, пытаньне было абстрактнае, таму і адказы зыходзілі з такіх простых меркаваньняў: псыхалягічнай стомленасьці людзей ад прысутнасьці на тэлеэкране адной асобы на працягу дзесяці гадоў, нейкага простага адчуваньня справядлівасьці (столькі гадоў Лукашэнка кіраваў, ужо час саступіць пасаду). Як толькі быў аб’яўлены рэфэрэндум, пытаньне было пастаўленае рубам, спрацавала правіла: выбаршчыкі галасуюць за каштоўнасьці. І тыя выбаршчыкі, уяўленьні якіх супадаюць з каштоўнасьцямі, навязанымі Лукашэнкам, выказаліся ў ягоную падтрымку.

Дарэчы, нешта падобнае адбылося напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. У пачатку таго году паводле НІСЭПД рэйтынг Лукашэнкі быў ніжэй як 40%. Але з пачаткам выбарчай кампаніі гэты рэйтынг пачаў расьці, і ў жніўні напярэдадні выбараў склаў 47,4%. Гэта амаль супадае з тым, што дае “экзыт-пол”, праведзены Інстытутам Гэлапа падчас рэфэрэндуму. Такім чынам, прыкладна палова насельніцтва падзяляе каштоўнасьці, якія спавядае Лукашэнка. Гэтая лічба, блізкая да 50%, захоўваецца ўжо цягам апошніх электаральных кампаніяў”.

(Сасноў: ) “Я згодзен з тым, што выказаў спадар Булгакаў. Што тычыцца вашага меркаваньня, спадар Карбалевіч, то я ня думаю, што гэта галасаваньне за каштоўнасьці. Ва ўсіх электаральных кампаніях існуе, на мой погляд, такое правіла: пакуль кампанія не пачалася, то выбаршчыкі выказваюць меркаваньні, кіруючыся галавою. А вось падчас выбараў насельніцтва галасуе страўнікам. І ўлада гэтым карыстаецца і перад выбарамі пачынае падвышаць заробкі, пэнсіі і іншае”.

(Карбалевіч: ) “Вы лічыце, што паміж галавою і страўнікам вялікая дыстанцыя ў сацыялягічным сэнсе?”

(Сасноў: ) “У сацыялягічным сэнсе яна, можа, і не такая вялікая, але яна існуе”.

(Булгакаў: ) “Думаю, можна казаць пра каштоўнасьці пэўнай палітычнай культуры, якія падзяляе палова, альбо нават большая частка беларускага электарату. Гэта каштоўнасьці палітычнай культуры з культам патэрналізму. У яе межах шараговы выбаршчык дэлегуе сваю адказнасьць за лёс краіны вышэйшаму начальніку, вярхоўнаму ўладару. У беларускім грамадзтве пашыраны такія думкі, што “я ў палітыцы не ўдзельнічаю”. Гэта прыкмета надзвычайнай апатыі, нежаданьня чалавека дбаць пра ўласны палітычны лёс і лёс усяго грамадзтва. Пакуль такія настроі будуць пашыранымі, заўсёды будзе існаваць спажыўнае асяродзьдзе для палітычных папулістаў з аўтарытарным душком, як Лукашэнка.

Гэтыя дзьве часткі электарату (цьвёрдыя лукашысты і людзі, якія спрабуюць унікнуць свайго пэрсанальнага выбару шляхам дэлегаваньня палітычнай адказнасьці на самы верх) і могуць быць кваліфікаваны на ўзроўні ідэальнага тыпу як тая самая палова, пра якую мы сёньня гаворым”.

(Карбалевіч: ) “Людзі, якія перадаюць вырашэньне палітычных пытаньняў на самы верх, на мой погляд, таксама робяць палітычны выбар. Нават калі чалавек заяўляе, што не цікавіцца палітыкай, усё роўна мае нейкую палітычную пазыцыю. Існуе такая цікавая зьява: у палітыцы, футболе і выхаваньні чужых дзяцей разьбіраюцца ўсе.

Падводзячы вынік, можна зазначыць, што той фэномэн перакуленага сацыялягічнага малюнку, пра які мы гаворым, ніхто не прагназаваў. Таму галоўная выснова: трэба больш прафэсійна вывучаць беларускае грамадзтва, каб новыя электаральныя кампаніі не задавалі нам нечаканых пытаньняіў і загадак”.