У Вене аднаўляюцца перамовы Брытаніі, Францыі ды Нямеччыны зь Іранам

ВЕНА. Сёньня ў сталіцы Аўстрыі аднаўляюцца перамовы ў пытаньні іранскай ядзернай праграмы, якія вядeць афіцыйныя асобы Ірану й трох эўрапейскіх дзяржаваў – Францыі, Нямеччыны ды Брытаніі. На мінулым тыдні тры краіны прапанавалі Ірану спыніць распрацоўкі тэхналёгіі ўзбагачэньня ўрану ў абмен на забесьпячэньне мірнымі ядзернымі тэхналёгіямі. Тэгеран паабяцаў даць афіцыйны адказ на прапанову эўрапейскіх краінаў сёньня . 25 лістапада мае пачацца паседжаньне Рады дырэктараў МАГАТЭ, на якім будзе абмяркоўвацца пытаньне ядзернай праграмы Ірану. Іран адхіляе абвіначаньні Злучаных Штатаў аб тым, што вядзе распрацоўкі ядзернай зброі.