Міністар унутраных справаў Польшчы – мы ня можам супрацоўнічаць зь беларускай міліцыяй, якая зьбівае дэманстрантаў

Альгерд Невяроўскі, Менск Міністар унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Рышард Каліш загадаў прыпыніць дзеяньне падпісанага 12 дзён таму пагадненьня паміж польскай Вышэйшай школай паліцыі й Акадэміяй МУС Беларусі. Паводле міністра Каліша, такое супрацоўніцтва немагчымае ў той час, калі беларуская міліцыя зьбівае дэманстрантаў, што змагаюццца за дэмакратычныя свабоды ў Беларусі. Беларускі бок пакуль гэтага рашэньня не камэнтуе і чакае афіцыйных дакумэнтаў у гэтай справе з Польшчы.
Пагадненьне аб супрацоўніцтве і абмене досьведам паміж Вышэйшай школай паліцыі ў Шчытне і Акадэміяй МУС Беларусі была падпісанае ў Польшчы 13 кастрычніка. Зь беларускага боку гэтую дамову падпісаў намесьнік начальніка па выхаваўчай працы і кадравым забесьпячэньні Акадэміі МУС Беларусі Сяргей Чыгрынаў, з польскага — рэктар Вышэйшай школы паліцыі Вэслаў Манджыёўскі.

Паводле прэсавай сакратаркі Вышэйшай школы паліцыі Сыльвіі Нарэнбскай, дамова, падпісаньне якой рыхтавалася больш за год, прадугледжвала абмен курсантамі паміж дзьвюма вучэльнямі й досьведам навучаньня будучых афіцэраў органаў унутраных справаў. Але 22 кастрычніка кіраўнік польскага Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Рышард Каліш выдаў загад аб прыпыненьні выкананьня гэтага пагадненьня. Вось як ён патлумачыў сваё рашэньне:

(Каліш: ) “Ня можа быць так, што польская Вышэйшая школа паліцыі ў Шчытне падпісвае дамову са школай міліцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі ў той час, як беларуская міліцыя зьбівае дэманстрантаў, якія змагаюцца за дэмакратычныя свабоды”.

У Акадэміі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі ніякіх афіцыйных дакумэнтаў з Польшчы ў справе прыпыненьня дзейнасьці пагадненьня яшчэ не атрымлівалі. Гаворыць намесьнік начальніка міліцэйскай Акадэміі Сяргей Чыгрынаў:

(Чыгрынаў: ) “Мы нічога ня ведаем, ніякіх афіцыйных тлумачэньняў з польскага боку не было. Давайце дачакаемся афіцыйнай рэакцыі, якога-небудзь дакумэнта, які павінны яны даслаць. А потым будзем рабіць свае заўвагі”.

Як паведамляе газэта “Zycie Warszawy”, за знаходжаньне беларускіх міліцыянтаў у школе паліцыі павінен быў плаціць польскі бок. Паводле дэпутата Сэйму Польшчы ад партыі “Права і справядлівасьць” Пятра Кшывіцкага, падпісаўшы гэтае пагадненьне паліцыя дапусьціла вялікую памылку і цяпер яе кіраўніцтва павінна патлумачыць чаму гэта здарылася.

У Міністэрстве ўнутраных справаў Польшчы пакуль не гавораць, пасьля выкананьня беларускім бокам якіх умоваў дзеяньне пагадненьня можа быць адноўленае.