Пасьля рэфэрэндуму Эўракамісія будзе пашыраць кантакты зь недзяржаўнымі структурамі Беларусі

Уладзімер Глод, Менск Пра гэта заявіў адказны супрацоўнік дэпартамэнту пашырэньня Эўропы Эўракамісіі Рутджэр Вісэлс. Адпаведнае паведамленьне было зроблена 24 кастрычніка ў Варшаве, дзе пад патранажам прэзыдэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага прайшла буйная міжнародная канфэрэнцыя “Роля Эўразьвязу ў 21 стагодзьдзі”.
Эўрапейскі зьвяз у пэрспэктыве можа пашырыцца ў трох кірунках: Турцыя прапаноўвае сябе ў якасьці моста з мусульманскім сьветам, Марока гатовае злучаць з арабскім. Што тычыцца непасрэдна самога старога кантынэнту, то тут па-за працэсам інтэграцыі пакуль застаюцца заходняя частка Балканаў, Беларусь, Малдова і Ўкраіна.

Неадпаведнасьць правядзеньня рэфэрэндуму ды парлямэнцкіх выбараў у Беларусі нават мінімальным дэмакратычным стандартам, акцыі нязгоды апазыцыі з афіцыйнымі вынікамі выбараў выклікалі жывую рэакцыю ўдзельнікаў канфэрэнцыі. Яны літаральна закідалі пытаньнямі спадара Вісэлса, які прыехаў з Брусэлю. Усіх цікавіла, як цяпер зьменіцца палітыка Эўракамісіі адносна Менску.

Руджэр Вісэлс падкрэсьліў, што з такім рэжымам весьці цеснага супрацоўніцтва Эўропа ня можа:

(Вісэлс: ) “Што нам патрэбна рабіць? Больш, чым мы гэта рабілі раней, падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць, недзяржаўныя мэдыі. Нам трэба рабіць усё магчымае, рабіць так, каб наступілі палітычныя зьмены, каб гэтая праца калі-небудзь прывяла да таго, што дазволіць нам інтэнсыфікаваць нашыя кантакты на дзяржаўным узроўні”.

Эўропа хацела б дапамагчы Беларусі ажыцьцявіць дэмакратычныя зьмены. Аднак высьвятляецца, што эўрапейскія структуры да гэтага часу ня маюць яркай ідэі, якая магла б стаць прыцягальнай як для ўсёй эўрапейскай сям’і, так і для бальшыні беларускага народу. Гэта шчыра прызнаў і спадар Вісэлс:

(Вісэлс: ) “Беларусь увачавідкі вельмі складаны выпадак. Я цалкам згодны з тым, што нам ня трэба цалкам ізаляваць краіну. Зразумела, што з такім рэжымам мы ня можам весьці цеснага супрацоўніцтва. Цяпер адна з рэчаў, наконт якой мы дыскутуем, прынамсі, у Эўракамісіі, як знайсьці такую сэнсоўную, новую ідэю, якая б дазволіла зрабіць значна больш на недзяржаўным узроўні ў Беларусі. І мы былі б вельмі задаволеныя, калі б нехта прапанаваў такую значную ідэю”.

Пытаньнем, як выкарыстоўваць эўрапейскую палітыку суседзтва пасьля рэфэрэндуму ў Беларусі, задаваліся й іншыя выступоўцы. Былы першы намесьнік міністра замежных справаў Украіны, цяпер кіраўнік назіральнай рады Міжнароднага цэнтру пэрспэктыўных дасьледаваньняў Аляксандар Чалы лічыць, што эўрапейскія структуры мусяць больш уважліва ставіцца да падзеяў у эўрапейскіх краінах СНД, асабліва Беларусі. На ягоную думку, агульныя рэцэпты ня вельмі дапасуюцца да сытуацыі ў Беларусі:

(Чалы: ) “На маю думку, сытуацыя ў Беларусі вельмі сур’ёзная, і мы вельмі дакладна адчуваем нэгатыўныя наступствы разьвіцьця падзеяў у гэтай краіне. Але мы павінны працаваць зь Беларусьсю. Я памятаю, вы прапаноўвалі калегам з Малдовы і Беларусі кансультавацца адносна эўрапейскай інтэграцыі. Але ўпершыню, калі я наведаў Кішынэў, я адчуваў сябе там настаўнікам, а ня вучнем у школе, таму што да гэтага мне казалі, што трэба рабіць, калі вы захочаце інтэгравацца ў Эўропу”.

І ад іншых удзельнікаў канфэрэнцыі можна было пачуць думку пра тое, што для Беларусі патрэбны адмысловы, шмат у чым адрозны ад Украіны й Малдовы, плян супрацоўніцтва з эўрапейскімі структурамі.