Прысуд Леванеўскаму і Васільеву пакінулі бяз зьменаў

Сяргей Астраўцоў, Горадня На сваім паседжаньні 19 кастрычніка Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргі Валерыя Леванеўскага й Аляксандра Васільева на прысуд, які вынес ім Ленінскі раённы суд гораду.
7 верасьня Леванеўскага й Васільева пакаралі кожнага двума гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму за публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі. У сваёй скарзе спадар Леванеўскі напісаў, што крымінальная справа была сфальсыфікавана паводле палітычных матываў. Ён прасіў скасаваць прысуд і спыніць крымінальную справу альбо накіраваць яе на новы разгляд. Аляксандар Васільеў прасіў апраўдаць яго, зазначыўшы, што не зьдзяйсьняў злачынства. Калегія па касацыйных скаргах на чале з судзьдзём Аляксандрам Корзунам пакінула прысуд абодвум бязь зьменаў.