Патрапіў у аварыю аўтобус з назіральнікамі ад СНД і расейскай Дзярждумы, кіраўніца апарату расейскай Дзярждумы атрымала сур''ёзную траўму галавы

Казімер Яноўскі, Гомель Па дарозе з Гомеля у Менск патрапіў у аварыю аўтобус з назіральнікамі ад СНД і расейскай Дзярждумы. Непадалёку ад Жлобіну аўтобус з замежнымі назіральнікамі, якія сачылі за хадою выбараў і рэфэрэндуму ў Гомельскай вобласьці, нейкім чынам зачапіўся з цэмэнтавозам і паваліўся на бок.
У аўтобусе знаходзілася 9 назіральнікаў і тры асобы суправаджэньня.

Паводле некаторых зьвестак, асабліва моцную траўму галавы атрымала кіраўніца апарату расейскай Дзярждумы Марыя Лазутава. Яна была дастаўлена ў Жлобінскі шпіталь.

Назіральнікі з расейскай Дзярждумы і СНД удзельнічалі сёньня ў прэсавай канфэрэнцыі ў аблвыканкаме, дзе моцна хвалілі арганізацыю рэфэрэндуму і выбараў у рэгіёне. Калі было аб`яўлена, што пасьля прэсавай канфэрэнцыі замежнікаў чакае абед у рэстаране “Беларусь”, назіральнікі з Расеі папрасілі дапамагчы ім транспартам.

Назіральнікам быў прадстаўлены аўтобус і машына суправаджэньня ДАІ.