Старшыня Віцебскай гарадзкой арганізацыі АГП патрабуе, каб кандыдат “ад улады” зьняў сваю кандыдатуру

Браніслава Станкевіч, Віцебск Старшыня Віцебскай гарадзкой арганізацыі АГП запатрабавала, каб кандыдат “ад улады” прызнаў дапушчаныя ў часе агітацыйнай кампаніі парушэньні ды сам адмовіўся ад удзелу ў выбарах.
Алена Залеская, старшыня гарадзкой арганізацыі АГП і давераная асоба кандыдата Уладзімера Алексенкі, напісала чатыры скаргі ў выбарчую камісію Віцебскай-Кастрычніцкай акругі №19. Па гэтай акрузе спадар Алексенка балятуецца разам з дзейным дэпутатам парлямэнту Глебам Івановым.

З боку кандыдата “ад улады” спадарыня Залеская і заўважыла парушэньні выбарчага заканадаўства. Яны тычацца сустрэчаў з выбарцамі ды распаўсюду друкаванай прадукцыі, у тым ліку і без выходных дадзеных.

Скаргі былі дасланыя таксама ў ЦВК ды пракуратуру. І толькі апошняя інстанцыя ўскосна прызнала тое, што парушэньні мелі месца. Аднак рабіць высновы, ці мусіць быць пакараны за гэта кандыдат, належыць акруговай камісіі, а там заявы спадарыні Залескай падставаю для пакараньня кандыдата ад улады ня сталіся.

Пра гэта паведаміла прадстаўніца акруговай камісіі Алена Руднік.

(Руднік: ) “Разглядалі іх, аналізавалі, наколькі я ведаю, парушэньняў ніякіх не знайшлі”.

Спадарыня Руднік распавяла таксама, што допісы Алены Залескай на разгляд усёй камісіі не выносіліся, паколькі адрасаваныя яны былі на імя старшыні. З ягонымі высновамі Алена Залеская не пагадзілася, а ўласнае меркаваньне з гэтае нагоды выказала наўпрост кандыдату Глебу Іванову.

(Залеская: ) “Я прыйшла ў акруговую камісію, сустрэла там Глеба Іванова і проста ў вочы яму сказала: калі вы прыстойны чалавек, то вы здымеце сваю кандыдатуру, бо ў вас столькі парушэньняў! Адкажыце мне: ці можа той, хто парушае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, быць дэпутатам? Ён расьсьмяяўся мне проста ў твар і сказаў: ”Я не хачу адказваць на вашае пытаньне”.

Атрымаць адказ не ўдалося й карэспандэнту Радыё Свабода. Як паведамілі па кантактным тэлефоне, спадар Іваноў цяпер пільна заняты. А пісаць на яго скаргі чальцы ініцыятыўнай групы увогуле лічаць справай безвыніковай.

(Спадарыня: ) “У яго шчыльны графік. А пісаць скаргі – якая карысьць? Вось вы скажыце мне – карысьць з гэтага якая?”

Алена Залеская кажа, што прыкладна такой рэакцыі Глеба Іванова на сваё пытаньне яна й чакала, і задаволеная, што ўласнае меркаваньне адносна гэтай сытуацыі выказала.