Ці ёсьць датэрміновае галасаваньне добраахвотным?

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Сёньня завяршаецца датэрміновае галасаваньне на выбарах у парлямэнт і на рэфэрэндуме. Улады запэўніваюць, што яно было цалкам добраахвотным. А што мяркуюць на гэты конт людзі? Нашая карэспандэнтка запыталася ў магілёўцаў, ці пагаджаюцца яны з тым, што датэрміновае галасаваньне ёсьць добраахвотным.
(Спадар: ) “Канечне, у большасьці выпадкаў яно не добраахвотнае. Вось усім трэба прыйсьці й прагаласаваць! Можа быць, гэта для таго, каб людзі на выходныя ня зьехалі, а можа гэта некаму патрэбна, я ня ведаю”.

(Спадар: ) “Датэрміновае галасаваньне атрымала распаўсюджаньне – хочацца некаму зрабіць справаздачу хутчэй, альбо зьмяніць нешта”.

(Спадар: ) “Асабіста я веру, што людзі ідуць добраахвотна. Справа ў тым, што некаму трэба на лецішча ехаць, некаму ў вёску, некаму зь нейкіх іншых прычынаў няма часу. Таму веру”.

(Спадарыня: ) “Калі працуеш на прадпрыемстве, начальнік сказаў “Трэба!” – і паспрабуй толькі не прагаласаваць. Прэміі пазбавім, ледзь там ня звольнім. А калі ні ад каго не залежаць, то, я мяркую, хочаш – галасуеш, ня хочаш – не галасуеш”.

(Спадар: ) “Канечне, добраахвотнае. Таму што, я мяркую, галасуюць тыя, якія ідуць добраахвотна. Тыя, якія ня хочуць галасаваць, яны туды проста не ідуць”.

(Спадар: ) “Ня ўсе. Некага прымушаюць, некага не. Нехта ідзе сам, некаму загадалі”.

(Спадарыня: ) “Я працую ў інстытуце… Ну, можа быць, сярод студэнтаў гэта прымусова. Добраахвотна-прымусова, як гэта было калісьці за савецкім часам”.

(Спадарыня: ) “Я сумняваюся, што некага можна прымусіць!”

(Спадарыня: ) “Гэта як жаданьне. Я свабодна пайду галасаваць”.

(Дзяўчына: ) “Мяне больш за ўсё непакоіць, што прымушаюць датэрмінова галасаваць на самой справе. Вось і ў нас ва ўнівэрсытэце сказалі, што пажадана прагаласаваць датэрмінова. Я ня ведаю, як да гэтага ставіцца. Нешта падазронае такое…”

(Іншая дзяўчына: ) “Яны на іх крычаць, прымушаюць: “Уставайце, ідзіце галасаваць!” А яны адказваюць: “Што вы на нас крычыце? Галасаваньне ў нядзелю. Калі захочам, тады і прагаласуем. Што вы нас прымушаеце?”

(Спадарыня: ) “Асабіста я не пайшла загадзя галасаваць!”

(Малады чалавек: ) “Як потым адносіны будуць складвацца ў інстытуце – гэта іншае пытаньне. Калі чалавек не хоча, то ён ня пойдзе. Але ён у прынцыпе рызыкуе, калі ён вучыцца. Калі згары нехта можа прымусіць, то ён усё роўна пойдзе”.

(Спадар: ) “Я ведаю, што галоўнае – ня як прагаласуюць, а як падлічаць. Як заўсёды і было”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што нават няма сэнсу галасаваць, таму што ўсё гэта будзе падман”.

(Спадар: ) “Калі шчыра, то паводле таго, як праходзілі мінулыя галасаваньні, я мяркую, што нават калі народ прагаласуе супраць таго, каб Лукашэнка меў магчымасьць балятавацца на трэці тэрмін, то ўсё роўна мне асабіста падаецца, што вынік падтасуюць на карысьць Лукашэнкі”.