Пракуратура Менску распачала крымінальную справу па факце прэсавай канфэрэнцыі аб мажлівых фальсыфікацыях падчас галасаваньня

Юры Сьвірко, Менск Як паведамляла Радыё Свабода, 15 кастрычніка прадстаўнікі ініцыятывы “За справядлівыя выбары” й лідэры апазыцыйных партыяў прадэманстравалі журналістам праекты пратаколаў участковых выбарчых камісіяў з гатовымі лічбамі, а таксама зводныя табліцы па акрузе з разьмеркаваньнем галасоў на ўчастках.
Копіі падрыхтаваных пратаколаў і табліцаў паралельна патрапілі да актывіста ініцыятывы “За справядлівыя выбары” Анатоля Фёдарава й да лідэра ПКБ Сяргея Калякіна. У пратаколах ужо запісаныя вынікі на карысьць А. Лукашэнкі і кандыдатаў ад улады.

Сёньня на гэта адрэагаваў пракурор Менску Мікалай Кулік, які ў інтэрвію Беларускаму тэлебачаньню заявіў пра ўчорашнюю прэсавую канфэрэнцыю наступнае:

(Кулік: ) “Яе ўдзельнікамі распаўсюджаныя адпачатна ілжывыя й ганебныя для прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і іншых службовых асобаў прыдумкі, якія датычацца маючых адбыцца рэспубліканскага рэфэрэндуму й выбараў”.

Пракурор Кулік дадаў, што “матэрыялы ўтрымліваюць дастатковыя зьвесткі, якія паказваюць на прыкметы злачынстваў” паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу – аб паклёпе ды аб паклёпе на прэзыдэнта. Таму пракуратура Менску распачала па гэтых артыкулах кодэксу адпаведную крымінальную справу.