Студэнтаў, што прагаласавалі датэрмінова, вызвалілі ад заняткаў на адзін дзень

Алег Супрунюк, Берасьце Такім чынам кіраўніцтва Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту спрабуе прымусіць студэнтаў заўчасна прыйсьці на выбарчыя ўчасткі.
Увесь дзень 15 кастрычніка ў Берасьцейскім дзяржаўным ўнівэрсытэце адбываліся сходы на розных факультэтах, у часе якіх было абвешчана распараджэньне рэктара навучальнай установы Мэчыслава Часноўскага. Яно тычылася ўдзелу студэнтаў у выбарах і рэфэрэндуме. Пра тое, аб чым гаварылася на гэтых сходах распавядае адзін са студэнтаў гістарычнага факультэту Аляксандар Урублеўскі:

(Урублеўскі: ) “Таксама былі складзены сьпісы ва ўнівэрсытэце людзей, якія галасуюць, і як абяцанку сказалі, што студэнты, якія прагаласуюць датэрмінова, у суботу звольненыя ад заняткаў і маюць выходны. Мне здаецца, што гэта зьвязана з тым, што ўлада аблягчае сабе справу з фальсыфікацыяй выбараў”.

Паводле зьвестак зь іншай вышэйшай навучальнай установы Берасьця, тэхнічнага ўнівэрсытэту, яшчэ ў першыя дні датэрміновага галасаваньня на выбарчы ўчастак, што месьціцца ў студэнцкім інтэрнаце, прыйшло больш за 15% выбарцаў.