Улады забаранілі выхад ваўкавыскай “Местной газеты”

Альгерд Невяроўскі, Менск Міністэрства інфармацыі Беларусі прыпыніла на 1 месяц выхад ваўкавыскай недзяржаўнай “Местной газеты”. Улады вінавацяць рэдакцыю ў парушэньні шэрагу артыкулаў “Закону аб друку ды іншых сродках масавай інфармацыі”. Галоўны рэдактар “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч зьвязвае прыпыненьне выданьня з выбарчай і рэфэрэндумнай кампаніяй і абяцае, што газэта неўзабаве выйдзе пад другой назвай.
У загадзе міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча гаворыцца, што рэдакцыя “Местной газеты” вінаватая ў распаўсюджваньні несапраўдных зьвестак аб прыпыненьні выхаду “Новай газеты Смаргоні”.

Рашэньне Міністэрства інфармацыі ў справе смаргонскага тыднёвіка “Местная газета” назвала незаконным.

Ваўкавыскае выданьне таксама вінавацяць у публікацыі рэклямных абвестак пра дзейнасьць, якая патрабуе ліцэнзаваньня. Міністар таксама лічыць, што “Местная газета” дагэтуль не зьмяніла статусу з гарадзенскага рэгіянальнага на раённы. Таму на месяц выхад газэты будзе спынены.

Андрэй Шантаровіч зьвязвае прыпыненьне выданьня з выбарчай і рэфэрэндумнай кампаніяй.

За апошнія некалькі тыдняў улады прыпынілі выхад больш як 10 недзяржаўных газэтаў.

Андрэй Шантаровіч сказаў, што неўзабаве “Местная газета” пачне выходзіць пад другой назвай.