Выкладчыца дзяржаўнай акадэміі складае сьпіс студэнтаў, якія прагаласавалі датэрмінова

Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць У горадзе Горкі на адным з выбарчых участкаў журналіст Эдуард Брокараў затрымаў выкладчыцу Горацкай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Жанчына на ўваходзе адзначала прозьвішчы студэнтаў, якія галасавалі датэрмінова й рабілі гэта паводле загаду, — так лічыць Брокараў, які зьяўляецца даверанай асобай дэмакратычнага кандыдата Андрэя Юркова.
Калі выкладчыца паспрабавала зьбегчы без тлумачэньняў, распавёў горацкі журналіст, ён паклікаў з выбарчага ўчастку супрацоўніцу міліцыі. Аднак у выніку разбору быў выкліканы нарад, які даставіў у аддзяленьне міліцыі самога Брокарава.

Дзяжурны растлумачыў актывісту, што міліцыянт ахоўвае выбарчы ўчастак ад хуліганаў, а праблемы галасаваньня — па-за ягонай кампэтэнцыяй.

Вось як камэнтуе здарэньне Эдурад Брокараў:

(Брокараў: ) “Я ацэньваю, што ў акадэміі ідзе санкцыянаваны зьверху сыстэматычны ціск на студэнтаў з мэтай прымусіць іх галасаваць датэрмінова, каб пасьля падрабіць вынікі выбараў. Іншай нагоды я ня бачу”.

Эдуард Брокараў таксама паведаміў, што будзе падаваць скаргу ў выбарчую камісію Горацкай акругі. Ён таксама хоча спраўдзіць інфармацыю зь незалежных крыніцаў, паводле якой раённыя ўлады павінны рабіць штодзённую справаздачу аб колькасьці выбаршчыкаў, якія прагаласавалі датэрмінова.