КХП БНФ плянуе правесьці жалобнае шэсьце на Дзяды 31 кастрычніка

Ганна Соусь, Менск Жалобнае шэсьце і мітынг у Курапатах на Дзяды сёлета адбудуцца ў нядзелю 31 кастрычніка. Адпаведнае рашэньне было прынятае сёньня ўвечары на ўправе Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ.
Вось што паведаміў для Радыё Свабода адразу па завярэньні паседжаньня адказны сакратар управы Кансэрватыўна-Хрысьціняскай партыі БНФ Алесь Чахольскі.

(Чахольскі: ) “Прынятае рашэньне аб правядзеньні Дзядоў. Дзяды будуць праведзеныя 31 кастрычніка. Пачатак збору – а 10:30 ля гадзіньнікавага заводу, пачатак руху аб 11 гадзіне. Мітынг у Курапатах – 15 гадзіна”.

Адпаведная заяўка на правядзеньня шэсьця і мітынгу ў Курапатах будзе пададзеная ў Менгарвыканкам заўтра.

Я запыталася Алеся Чахольскага ў чым будзе адметнасьць сёлетніх Дзядоў.

(Чахольскі: ) “Думаю, што будзе проста больш масавае мерапрыемства. Пасьля таго вар’яцтва, што адбудзецца 17 кастрычніка, я думаю, што людзі як раз павінны выйсьці й выказацца менавіта ўдзелам сваім у Дзядах стаўленьне да таго, што адбудзецца 17 кастрычніка”.