Апытаньне ў Бабруйску: ці ведаюць выбарцы сваіх кандыдатаў у дэпутаты?

Марыя Ўсьціновіч, Бабруйск Меней за два тыдні засталося да 17 кастрычніка, калі маюць адбыцца выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Ці ведаюць беларускія выбарцы сваіх кандыдатаў у дэпутаты? І ці ёсьць сярод кандыдатаў тыя, за каго людзі гатовыя аддаць свае галасы? Пра гэта наша карэспандэнтка запыталася жыхароў Бабруйску.
(Спадарыня: ) “Канечне не. Ніхто мне нічога не казаў і не прыходзіў, і ў паштовай скрыні нічога няма”.

(Спадарыня: ) “Дэпутатаў ня ведаю, і колькі я тут жыву, усё жыцьцё — 40 гадоў, ніхто ніколі ні з кім не знаёміў. Аднак я маю сумленьне і суседзяў заўсёды ганю: ідзіце галасаваць!”

(Спадар: ) “Я як рабацяга скажу, што заробак проста памяншаецца з кожным месяцам. А дэпутаты таксама нічога добрага не даюць. Так што я не пайду на выбары і галасаваць не зьбіраюся”.

(Спадар: ) “Не сьпяшаюся, бо ведаю, каго ўсё роўна будуць абіраць. Тых, хто ўладу мае і трымае”.

(Спадарыня: ) “Прыблізна ведаю. Прозьвішча забылася, але гэта доктарка. Яна жанчына сталага ўзросту, ведае праблемы маці, жанчыны ў сям’і і будзе адстойваць нашыя правы, я мяркую”.

(Спадарыня: ) “Як было, так і застанецца. Я асабіста ня веру ў нейкія перамены, і мае знаёмыя таксама”.

(Спадар: ) “Не, ня ведаю. Таму што не было ніякай інфармацыі, ніхто не прыходзіў і нічога не гаварыў — за каго і што галасаваць”.

(Спадар: ) “Я аддам голас за добрага чалавека. Патрэбны чэсны, прыстойны і ня п’яніца”.

(Спадарыня: ) “Добры. Каб нам дапамагаў, каб клапаціўся пра нас”.

(Спадар: ) “Нармалёвы дэпутат, каб за народ стаяў. Але я кандыдатаў дакладна ня ведаю, таму што ў нас у сельскай мясцовасьці не праводзяцца такія мерапрыемствы, тлумачальная праца — за каго галасуем. Нам прынесьлі бюлетэнь, паглядзелі й прагласавалі”.

(Спадарыня: ) “І я нават баюся галасаваць, бо калі я ня ведаю, то ніколі не прагаласую”.

(Спадарыня: ) “Я пакуль яшчэ ня вырашыла. Бо ніводны зь іх ня зробіць таго, што мне патрэбна”.

(Спадар: ) “Запрашэньне атрымаў, але ня ведаю. Пагляджу…”

(Спадар: ) “У іх праграмы вельмі расплывістыя, агульныя словы, і ім няма чаго сказаць людзям. Яны самі ня ведаюць, навошта ім патрэбная ўлада. Я ня думаю, што нехта зь іх зможа ёй рэнтабэльна распарадзіцца”.

(Спадарыня: ) “Паглядзім, можа ўсіх павыкрэсьліваем”.

(Спадар: ) “Таму што на гарызонце нідзе нікога ня бачыў, у сродках масавай інфармацыі няма кандыдытаў”.

(Спадар: ) “Таму што ўсё ідзе пад адну мятлу. Палітыка ідзе як у Мао Цзэ Дуна калісьці. Карацей, бардак ідзе. Тут каго ні абяры, гавораць, усё роўна парадку ня будзе”.