Ці пайшоў Катляроў у адпачынак?

Алесь Дашчынскі, Менск Кандыдат у дэпутаты Ігар Катляроў павіншаваў настаўнікаў са сьвятам. Тэкст ягонага віншаваньня зьмясьціла сёньня “Настаўніцкая газэта”. Гэтае віншаваньне Катляроў падпісаў у якасьці старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў. Але, паводле заканадаўства, старшыня дэпутацкай камісіі, які зарэгістраваны кандыдатам на дэпутата, павінен пайсьці ў адпачынак для ўдзелу ў выбарчых мерапрыемствах – прычым у гэты час ён не атрымоўвае заробка.
Тое ж зусім нядаўна спадар Катляроў заявіў у размове з нашым карэспандэнтам.

(Катляроў: ) “Згодна з Выбарчым кодэксам чалавек, які зарэгістраваны кандыдатам на дэпутата, ня мае права знаходзіцца на працы і ня мае права займацца гэтай працай. Я зараз не бываю ў парлямэнце, я не займаюся гэтай працай, таму што я афіцыйна сышоў у адпачынак на перадвыбарчую кампанію”.

Атрымліваецца, што спадар Катляроў усё ж застаўся пры сваіх абавязках? Да таго ж, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд цьвердзіць, што супернікі Катлярова маюць цяпер права патрабаваць ад “Настаўніцкай газэты” надрукаваць падобны інфармацыйны матэрыял.