Дзейныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пазьбягаюць выказваць сваю пазыцыю адносна рэфэрэндуму і выбараў

Уладзімер Глод, Менск Пра гэта 30 верасьня заявіў кіраўнік Палаты Вадзім Папоў на паседжаньні Савету ніжэйшай палаты беларускага парлямэнту.
Падставай для ўзьняцьця гэтага пытаньня сталі звароты да сьпікера з боку кіраўнікоў шэрагу дзяржаўных мэдыяў. Яны скардзяцца на тое, што дзейныя дэпутаты адмаўляюцца ўдзельнічаць у дыскусіях вакол рэфэрэндуму і выбараў. Таму Вадзім Папоў заклікаў сваіх падначаленых "не хаваць галаву ў пясок, а актыўна выказваць сваю пазыцыю".

Сяргей Скрабец – кіраўнік дэпутацкай групы "Рэспубліка" – лічыць, што дзейныя дэпутаты сьвядома пазьбягаюць публічнага абнародаваньня сваёй пазыцыі адносна рэфэрэндуму.

(Cкрабец: ) "Цяпер небясьпечна казаць: я – за прэзыдэнта. Людзі настроеныя супраць. Мяркую па сваёй выбарчай акрузе ў Лідзе. Лепш наагул маўчаць, адыходзіць ад пытаньня, што яны і робяць. Бо гэта сьмешна казаць нешта ў падтрымку Лукашэнкі, калі ўвесь сьвет зьдзіўляецца: вы там што, зусім? Дэпутаты – ж ня дурні”.

Паводле спадара Папова, 56 дзейных дэпутатаў зарэгістраваліся ў якасьці прэтэндэнтаў на новых выбарах. Гэта азначае, што кожны другі дэпутат хоча зноў захаваць за сабою сваё працоўнае месца.