У Беларусі пачаліся найбуйнейшыя за апошнія 25 гадоў вайсковыя манэўры

Алег Грузьдзіловіч, Менск 27 верасьня ў Беларусі пачаліся найбуйнейшыя за апошнія 25 гадоў манэўры пад назвай “Шчыт Айчыны 2004”. Яны будуць праходзіць на шэрагу палігонаў у розных рэгіёнах краіны.
Палігоны пад Баранавічамі, у Гарадзенскай вобласьці й пад Барысавам ужо падрыхтаваныя, каб адначасова прыняць больш за 8 тысяч вайскоўцаў — удзельнікаў манэўраў “Шчыт Айчыны 2004”. А яшчэ будуць задзейнічаныя мясцовая міліцыя, часткі ўнутраных войскаў, памежнікі й супрацоўнікі КГБ. У генэральным штабе беларускай арміі кажуць, што сцэнар і маштабы манэўраў зацьвердзіў Аляксандар Лукашэшка, ён жа сфармуляваў і асноўную іх мэту.

(Ціханоўскі: ) “Галоўная мэта манэўраў — ацаніць дастатковасьць мераў абароны дзяржавы, праверыць эфэктыўнасьць сыстэмы ўсёй бясьпекі нашай рэспублікі. Нашыя мэты адкрытыя. Чарговы раз мы запрашаем на манэўры вайсковых аташэ замежных краінаў, назіральнікаў, усе сродкі масавай інфармацыі”, — казаў намесьнік начальніка генэральнага штабу Пётар Ціханоўскі.

2 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка прыедзе на палігон пад Барысавам, каб назіраць за заключнай фазай манэўраў. Скончацца яны, як звычайна, урачыстым парадам.

Я папрасіў прэсавага сакратара прэзыдэнта Натальлю Пяткевіч ўключыць мяне ў групу журналістаў, якія будуць асьвятляць гэтую падзею, але мне было адказана, што гэта немагчыма.

Афіцыйна нічога не паведамляецца пра тое, колькі будуць каштаваць беларускаму бюджэту буйнамаштабныя манэўры “Шчыт Айчыны 2004”.