Аб’ём інвэстыцыяў у беларускую эканоміку сёлета можа дасягнуць амаль 5 мільярдаў даляраў – заяўляе прэм’ер-міністар Беларусі

Юлія Шарова, Менск Пра гэта сёньня, выступаючы на Міжнародным кангрэсе “ЭўрАзЭС — дзелавы сьвет” у Маскве заявіў прэм’ер Беларусі Сяргей Сідорскі. Як сьведчыць афіцыйная статыстыка, такія прагнозы цалкам могуць спраўдзіцца, але ж эканамічныя экспэрты адзначаюць, што інвэстыцыі ў айчынную гаспадарку застаюцца малаэфэктыўнымі.
Афіцыйная статыстыка канстатуе, што за восем месяцаў сёлета было інвэставана каля 2,5 мільярда даляраў, гэта болей чым летась. Рост паказьнікаў забясьпечваецца галоўным чынам коштам унутраных рэсурсаў: рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, інавацыйных фондаў, прадпрыемстваў, банкаў. Удзельная ж вага вонкавых інвэстыцыяў, асабліва наўпроставых, значна зьніжаецца. Ці значыць гэта, што Беларусь робіцца дастаткова багатай краінай, каб самой забясьпечыць свае патрэбы ў інвэстыцыях?

Эканаміст Валеры Дашкевіч зьвяртае ўвагу на тое, што сёлета толькі палова ўсіх інвэстыцыяў пайшла непасрэдна ў вытворчасьць, ды і там значную частку грошай патрацілі на будаўніцтва. Беларускім прадпрыемствам патрэбныя новыя тэхналёгіі, лічыць эканаміст, а іх могуць даць толькі замежныя інвэстары.

З-за мяжы інвэстыцыі дагэтуль прыходзяць пераважна ў выглядзе крэдытаў, аднак, з кожным годам браць іх усё больш нявыгадна, сказаў спадар Дашкевіч, бо крэдыты трэба аддаваць. Да таго ж беларусам даюць толькі вельмі кароткія крэдыты, на два-тры гады.

(Дашкевіч: ) “У нас за першую палову прыток новых крэдытаў з-за мяжы недзе на тры-чатыры мільёны даляраў быў большы, чым адток, то бок, вяртаньне крэдытаў назад. Чыстага прытоку інвэстыцыяў з-за мяжы фактычна не было. Мы ўжо разьлічваемся за свае памылкі”.

Старшыня аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка гаворыць, што Беларусь укладае зашмат грошай у пасіўныя фонды, якія не даюць грошай, таму інвэстыцыі ў нас збольшага неэфэктыўныя.

(Заіка: ) “Можна пабудаваць бібліятэку за 180 мільёнаў даляраў. Можна пабудаваць Палац спорту за 10 мільёнаў і потым шукаць грошай на ягонае энэргазабесьпячэньне. А можна пабудаваць вялікія цэнтры для адпачынку й забаваў, якія будуць прыносіць штодзённы прыбытак”.

Летась агульны аб’ём інвэстыцыяў дасягнуў 3,5 мільярда даляраў, сёлета чакаюць ужо 4,8 мільярда. Значны прырост можа быць і ў наступным годзе — там наагул чакаюць 6,3 мільярда. Усяго ж, як заявіў кіраўнік ураду Сяргей Сідорскі, краіне да 2010 году патрэбна да 40 мільярдаў даляраў.