Бюракратыя пры друкаваньні ўлётак фактычна скарачае перадвыбарчую агітацыю на тыдзень

Сяргей Астраўцоў, Горадня Самай істотнай перашкодай для сябе кандыдаты Гарадзеншчыны бачаць у скарочаным тэрміне перадвыбарчай агітацыі. Паводле закону, яны могуць разьлічваць на месяц, а рэальна маюць на тыдзень менш. Каб праводзіць агітацыю, патрэбныя ўлёткі. Каб іх надрукаваць, трэба спачатку прадставіць тэкст у акруговую выбарчую камісію, каб яна зацьвердзіла яго. Потым трэба прынесьці рахунак друкарні, каб яны перавялі грошы. Патрэбны таксама час, каб надрукаваць улёткі.
У Горадні пра будучыя выбары нагадваюць толькі афіцыйныя плякаты з абвесткай. Вялікіх каляровых партрэтаў кандыдатаў, якія я бачыў у суседнім Беластоку ў Польшчы, у нас на вуліцах няма.

Сёньня мясцовае тэлебачаньне на канале “Лад” пакажа выступы кандыдатаў першай па ліку на Гарадзеншчыне акругі — Ваўкавыскай №50. Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч упершыню трапіў у тэлестудыю, калі запісваў свой выступ, і застаўся расчараваны.

(Аўтуховіч: ) “Прывялі, адразу напалохалі: у цябе адзін дубль, часу пяць хвілінаў, больш скажаш — будзьма рэзаць. Не, канечне, я незадаволены. Так ня робіцца. Я кандыдат, і ставіць мяне ў рамкі... Падышлі, як да ворага”.

Мікалай Аўтуховіч спадзяваўся на дапамогу, і часу ў яго было дзьве з паловай гадзіны, прычым два другія кандыдаты зь ягонай акругі не прыехалі. Яго канкурэнты — дырэктарка школы і сябра лібэральна-дэмакратычнай партыі.

Незалежны кандыдат Аляксандар Мілінкевіч балятуецца ў Шчучынскай 62-й акрузе. Ягоны канкурэнт — памочнік прэзыдэнта на Гарадзеншчыне Вінцэнты Казяк, які быў першым сакратаром шчучынскага райкаму, а пазьней — старшынём райвыканкаму. Аляксандар Мілінкевіч у сваёй агітацыі разьлічвае на асабісты кантакт з выбаршчыкамі.

(Мілінкевіч: ) “Людзі вельмі ўдзячныя, калі да іх прыходзіш пэрсанальна. Я спадзяюся толькі на працу ад дзьвярэй да дзьвярэй. Я прайшоў ужо больш за семдзесят вёсак і мястэчак, трэба яшчэ два разы столькі прайсьці. Гэта дзейнічае, людзі гатовыя адгукацца. І, дарэчы, да мясцовай улады стаўленьне вельмі дрэннае. Калі Лукашэнку яшчэ некаторыя падтрымліваюць, то на мясцовых начальнікаў глядзяць адмоўна”.