Сяргею Скрабцу, Уладзімеру Парфяновічу й Валерыю Фралову адмовілі ў рэгістрацыі

Уладзімер Глод, Менск Страты панесла ня толькі дэпутацкая група “Рэспубліка”, але і йншыя дэмакратычныя фармаваньні: “Свабодная Беларусь”, “Маладая Беларусь”.
Акруговая выбарчая камісія ў Лідзе адмовіла ў рэгістрацыі кіраўніку дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргею Скрабцу. Прычын названа некалькі: неадпаведнасьць прадстаўленых дадзеных зьвесткам, што атрымала камісія у падатковай інспэкцыі, памылкі ў афармленьні падпісных лістоў ды іншае. Спадар Скрабец, зь якім я размаўляў адразу пасьля вынясеньня рашэньня, быў у дрэнным настроі:

(Скрабец: ) “Там такія абсурдныя рэчы ёсьць, што цяпер не хачу пра гэта нават і размаўляць”.

Адмоўны адказ атрымаў і Ўладзімер Парфяновіч. Тут быццам бы ўзьніклі нейкія праблемы са сьпісамі выбаршчыкаў, якія аддавалі свае галасы за вылучэньне алімпійскага чэмпіёна кандыдатам у дэпутаты. Адмовілі ў рэгістрацыі й Валерыю Фралову.

Пэўныя страты нясе й Беларуская сацыял-дэмакратычнай партыя (Народная грамада): у прыватнасьці, адмовілі ў рэгістрацыі Мікалаю Ўсьціменку, Анатолю Букасу, Юрыю Захаранку... А вось лідэр партыі Мікола Статкевіч атрымае пасьведчаньне кандыдата ў 108-й акрузе Менску.

Адмоўны адказ у Маладзечанскай сельскай акрузе атрымаў прадстаўнік “Маладой Беларусі” Аляксей Шэін, у якога, як лічыць камісія, не хапае дастатковай колькасьці подпісаў.

Кандыдатамі ў дэпутаты сталі прадстаўнікі “Маладой Беларусі” Сяржук Бахун, Алесь Зарамбюк, Павал Севярынец ды іншыя.

Зь дзейных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў зарэгістраваліся Ўладзімер Дзялендзік, Васіль Хрол, Іван Мычко, Анатоль Красуцкі ды некаторыя іншыя.