Менскі матэматык Віктар Карпаў вырашыў задачу Гольдбаха-Эйлера, над якой навука білася 262 гады

Падрыхтавала Сьвятлана Курс, Менск Агляд беларускіх газэтаў
Менскі матэматык Віктар Карпаў вырашыў праблему Гольдбаха-Эйлера – задачу, над якой 262 гады біліся найлепшыя сусьветныя навукоўцы, паведамляе тыднёвік “Наша Ніва”.

Газэта друкуе эсэ Віталя Тараса “Асноўны інстынкт”, у якім аўтар разважае пра асноўныя сцэнары разьвіцьця падзеяў пасьля абвяшчэньня рэфэрэндуму. “Грамадзтва цяпер нагадвае трусіка, які лезе ў пашчу ўдаву, але здольны гучна віскатаць. За два гады трусік можа апамятацца” – заўважае сп. Тарас.

11 верасьня — дзень народзінаў галоўнага чырвонага тэрарыста Фэлікса Дзяржынскага. Чаму дагэтуль дзяржава не здагадалася стварыць у Івенцы парк накшталт парку графа Дракулы, накшталт дыснэеўскага парку з атракцыёнамі кшталту “допыт у Фэлікса”, “падарожжа ў засьценкі ГПУ”, “у краіне вампіраў”, “забі сястру сваімі рукамі”? – задаецца пытаньнем аглядальнік “НН”.

У фатальны дзень 11 верасьня ў Менску загарэлася сталоўка заводу “Прамень”, дзе праходзіла вясельле менчукоў Алены ды Сяргея. Людзей эвакуавалі, а сталоўка разам з пачосткаю згарэла ўшчэнт, паведамляецца ў сьвежым нумары “Камсамольскай праўды ў Беларусі”.

Галоўны матэрыял “КП” прысьвечаны прыезду ў Менск вядомага хакеіста Паўла Бурэ. Спартовец-мільянэр быў уражаны ня толькі сьмерцю родзіча, на пахаваньне якога прыбыў, але й жудаснымі ўмовамі жыцьця сваіх сваякоў у звыклай менскай хрушчоўцы.

Слуцка-салігорскі тыднёвік “Інфакур’ер” піша, што небывалы ўраджай бульбы нарабіў праблемаў людзям. Дзяржаўныя нарыхтоўчыя канторы сталі закупаць бульбу ў насельніцтва за 2-3 цэнты. А камэрсантам спрадаваць бульбу мясцовыя ўлады забаранілі, кажа карэспандэнт “Інфакур’ера” Алесь Дастанка:

(Дастанка: ) “Вельмі шмат бульбы вырасла, і людзі ня ведаюць, куды яе дзяваць. А гэтак званыя “заготканторы” купляюць за 80 рублёў кіло. Гэта ўжо зусім танна!”

“Брэсцкі кур’ер” піша пра новы наплыў уцекачоў з Чачэніі, якія зьбіраюцца на беларуска-польскай мяжы. Людзі зноў днююць і начуюць на вакзалах, прыватных кватэрах.

(Паталятаў: ) “Кожнага разу, як толькі тэракт на Каўказе, у нас хваля ўцекачоў з Каўказу. І я думаю, яна далёка не апошняя”.

Жыхары 8-кватэрнага дому вёскі Міжлесьсе Лунінецкага раёну ўжо 15 год ня могуць дамагчыся, каб у іхным доме палілі цэнтральнае ацяпленьне. Грэюцца людзі як могуць. А адной пэнсіянэрцы мясцовыя камунальнікі два гады назад зьнялі батарэю і не вярнулі. Старая кабета мала што замярзае, дык яшчэ і спаўна плаціць за цэнтральнае ацяпленьне. Скаргі ніякія не дапамагаюць.

Цікавостка ад “Брэсцкага кур’еру”: на Нацыянальным чэмпіянаце па спартовай арніталёгіі каманды зь Берасьцейшчыны ўзялі тры першыя месцы. Каманды з Маларыты, Берасьця й Кобрына падчас кароткага падарожжа высачылі да 88 відаў птушак. Падобныя вынікі паказваюць толькі члены Брытанскага каралеўскага арніталягічнага таварыства.