Рэфэрэндум камэнтуюць былыя паплечнікі Лукашэнкі А. Сасноў, У. Замяталін, А. Казулін, П. Казлоўскі

Ігар Карней, Менск Як ставяцца да абвешчанага Аляксандрам Лукашэнкам канстытуцыйнага рэфэрэндуму людзі, якія калісьці працавалі ў адной камандзе з маладым кіраўніком Беларусі?
Уладзімер Замяталін быў галоўным ідэолягам спачатку ва ўрадзе прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча, а пасьля паразы Кебіча на прэзыдэнцкіх выбарах перайшоў у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер спадар Замяталін беспрацоўны. Але рашэньне свайго былога шэфа працягнуць прэзыдэнцкія паўнамоцтвы падтрымлівае:

(Замяталін: ) “Абсалютна слушна Аляксандар Рыгоравіч робіць: на трэці, на чацьверты, на пяты тэрмін трэба выбірацца, пакуль грамадзтва падтрымлівае. Калі запытаецеся — каго больш падтрымліваюць? — то вы такой фігуры ня знойдзеце. Тым больш, вядома, хто былі раней, што яны рабілі і куды шла рэспубліка? У нікуды. А цяпер пра Беларусь ведаюць усюды. Ведаюць як сувэрэнную краіну. І большага ахоўніка сувэрэнітэту, чым Лукашэнка, у Беларусі няма”.

Былы рэктар Белдзяржунівэрсытэту Аляксандар Казулін пасьля шэрагу абвінавачаньняў на свой адрас з боку Лукашэнкі ня вельмі ахвотна кантактуе з журналістамі. Наконт абвешчанага рэфэрэндуму выказаўся гэтак:

(Казулін: ) “Я мяркую, што вы самі ўсё цудоўна разумееце... Рэфэрэндумы ва ўсіх краінах праходзяць, але ўсё залежыць ад таго, як яны адбываюцца. Тут усё відавочна”.

У экс-міністра працы Аляксандра Саснова я запытаўся: ці можна расцэньваць абвяшчэньне канстытуцыйнага рэфэрэндуму як жаданьне Лукашэнкі ўладарыць пажыцьцёва?

(Сасноў: ) “Можа, ён і хоча, але мне падаецца, што праз два гады ў яго ўзьнікнуць вельмі сур’ёзныя праблемы на гэты конт. Ён жа заплянаваў абірацца, вось з гэтым і будуць праблемы. І справа, зрэшты, ня толькі ў практыцы рэфэрэндумаў, колькі ў тым, як яны праводзяцца і як падлічваюцца галасы. Можна згадаць, што Гітлер правёў пяць рэфэрэндумаў і ўсе выйграў (вядома ж, якім чынам). Наш робіць гэтак сама. Нездарма ж ён выбудоўваў вэртыкаль, усю сыстэму, якая бяз роздуму выконвае ягоныя загады, зусім ня думаючы, што будзе потым”.

А былы міністар абароны Павал Казлоўскі лічыць, што ў Аляксандра Лукашэнкі цяпер проста няма іншага выбару.

(Казлоўскі: ) “Тое, што ён прапанаваў запісаць у Канстытуцыі пункт, што прэзыдэнт Беларусі абіраецца на пяць гадоў, і пры гэтым не ўказваць ніякіх тэрмінаў: два, тры разы — усё сьведчыць аб тым, што ён плянуе быць вечным прэзыдэнтам. Праўда, у яго няма іншага выйсьця: альбо прэзыдэнтам, альбо — турма”.