Юры Дракахруст: “Гэта можа прывесьці да таго, што ўлада Аляксандра Лукашэнкі стане пажыцьцёвай”

RFE/RL Аналітык Радыё Свабода Юры Дракахруст камэнтуе заяву Аляксандра Лукашэнкі пра прызначэньне рэфэрэндуму на 17 кастрычніка.
(Юры Дракахруст: ) “Заява Аляксандра Лукашэнкі пра рэфэрэндум чакалася даўно. Экспэрты дык нават стаміліся чакаць, што ж тычыцца грамадзтва, то паводле апытаньняў 88% беларусаў і да 7 верасьня былі ўпэўненыя, што Лукашэнка рэфэрэндум ініцыюе.

Межы нават ўласнаручна напісанай Канстытуцыі сталіся цеснымі для кіраўніка Беларусі. Варта адзначыць, што Лукашэнка, што называецца, забівае цьвік па самую шляпку – прапануецца ня толькі зьняць канстытуцыйнае абмежаваньне балятавацца на трэці (і любы наступны) тэрмін – народу прапануецца даць дазвол балятавацца ў трэці раз асабіста Аляксандру Лукашэнку. Гэта каб не было сумневаў, ці мае зьмена адваротную моц.

Зразумелы і зьмест сумяшчэньня рэфэрэндуму з парлямэнцкімі выбарамі. Гэта ня толькі эканомія грошай, гэта і падвышэньне яўкі – на выбары ў Беларусі народ ходзіць, тым больш што гэтым разам ў іх удзельнічае і апазыцыя.

У пэўным сэнсе такі ўдзел апазыцыі ў выбарах легітымізуе й вынікі адначаснага рэфэрэндуму. Але, як адзначаюць некаторыя аналітыкі, такое сумяшчэньне дае апазыцыі тэму перадвыбарчай кампаніі.

Рэч у тым, што паводле дадзеных апытаньняў НІСЭПД посьпех Лукашэнкі на магчымым (а цяпе ужо прызначаным) рэфэрэндуме зусім не перадвызначаны наперад. У сакавіку 2004 году 47% апытаных казалі, што прагаласуюць супраць скасаваньня забароны на трэці тэрмін, у чэрвені сёлета такі намер выказаў кожны другі апытаны. Зразумела, гэтыя падлікі датычацца сапраўды справядлівага падліку галасоў. Але грамадзкая думку ў той ці іншай ступені можа паўплываць і на тых, што лічыць галасы.

Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што Лукашэнка абвясьціў пра сваю ініцыятыву ў дзень, калі ў Расеі – краіне замежнай, але ўсё ж беларусам не зусім і чужой, яшчэ ня скончылася жалоба па ахвярах бэсланскай трагедыі.

Здавалася б, у такі дзень з палітычнымі навацыямі можна было б і пачакаць. Але, відаць, не выпадала. Цікава адзначыць, што тэма інтэграцыі з Расеяй наагул не прысутнічала ў прамове кіраўніка Беларусі, наадварот, Расея, як і ЗША, пазыцыянаваліся ў ёй як месцы, дзе віруе тэрор, у адрозьненьні ад беларускай выспы спакою і стабільнасьці, забясьпечаных асабіста прамоўцам.

У чымсьці паўтараецца сытуацыя 2001 году: тады ўвагу ад дзівосных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, адцягнуў тэрарыстычны напад на Амэрыку, зараз ролю гэтага ценю выконвае Бэслан у Паўночнай Асэтыі.

Не выклікае сумневу, што 17 кастрычніка, вырашаючы высокім штылем, будзе вырашацца лёс Беларусі. Сам факт чарговай перакройкі Канстытуцыі дзеля патрэбаў адной асобы, а да таго ж зьмест прапанаваных зьменаў можа прывесьці да таго, што ўлада Аляксандра Лукашэнкі стане пажыцьцёвай”.

Гэта было меркаваньне аналітыка Радыё Свабода Юрыя Дракахруста.