Афіцэры й прапаршчыкі беларускага войска маюць патрэбу ў службовым жытле

Ганна Соусь, Менск Сёньня 1 верасьня, першы дзень навучальнага году ня толькі для школьнікаў і студэнтаў, але і для курсантаў. Выходзячы сёньня раніцай з казармы, будучыя афіцэры, напэўна, не ўяўляюць, што некаторыя іх старэйшыя калегі, афіцэры, якія праслужылі дзесяткі гадоў у беларускім войску, гэтаксама сустракаюць гэтую раніцу ў казарме – як, напрыклад, некаторыя вайскоўцы ў Пружанах. Каля сямі тысячаў беларускіх вайскоўцаў маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў. Паводле дадзеных міністэрства абароны, 4 тысячы 607 вайскоўцаў увогуле ня маюць уласнага жытла.
Патрэба ў службовым жытле ў вайскоўцаў вельмі вялікая – паводле дадзеных міністэрства абароны гэта 300 тысячаў квадратных мэтраў, і пры цяперашнім ўзроўні выдзяленьня сродкаў на будаўніцтва гэтых плошчаў патрабуецца ня меней за 15 гадоў. Таму прадстаўнікі міністэрства абароны лічаць, што найбольш рэальным спосабам вырашэньня жыльлёвай праблемы для афіцэраў і прапаршчыкаў ёсьць жыльлёва-будаўнічыя каапэратывы. За савецкім часам і ў першыя гады існаваньня незалежнай Беларусі дзяржава прадастаўляла жытло вайскоўцам бясплатна. Пра гэта згадвае былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) “Калі памянялася ўлада, то цяпер бясплатнага жытла для вайскоўцаў практычна не будуюць. Ідзе толькі будаўніцтва каапэратыўнага жыльля. Дзяржава кампэнсуе частку, але гэта вельмі малая сума, і таму становішча вайскоўцаў вельмі дрэннае, таму што афіцэр за сваю заработную плату практычна ня можа пабудаваць каапэратыўнае жыльлё”.

А што на гэты конт думаюць шараговыя вайскоўцы? Учора я размаўляла з былым кадравым вайскоўцам, які год таму звольніўся ў запас, ён папрасіў захаваць ягоную ананімнасьць. Паводле яго, дзяржава мала клапоціцца пра лёс вайскоўцаў у аддаленых гарнізонах.

(Вайсковец: ) “Калі ліквідавалі верталётную частку ў Баравусе пад Полацкам, амаль 100 чалавек перакінулі ў Пружаны. Хто, як кажуць, першы прыйшоў, таму яшчэ прадаставілі кватэры ў маласямейным інтэрнаце, а астатнім – на 5 паверсе звычайнай салдацкай казармы, дзе амаль няма вады ды іншых выгодаў. А ў тых гарнізонах, якія пакінулі вайскоўцы, пустуюць кватэры, разрабоўваюцца. Людзям, якія жывуць у такіх аддаленых гарнізонах,як Засімавічы, Кобрын ці Баравуха, немагчыма ўладкавацца на працу. Людзі сьпіваюцца альбо вымушаныя ехаць на заробкі ў тую ж Афрыку – шмат нашых былых лётчыкаў і тэхнікаў зарабляюць грошы ва Угандзе, Судане, Сьерра-Леонэ ды гэтак далей”.

Мой суразмоўца, былы вайсковец у запасе, адзначае, што тыя, хто служаць ў памежных войсках, у КГБ ці міністэрстве ўнутраных справаў, значна лепей забясьпечаныя жыльлём ў параўнаньні з афіцэрамі і прапаршчыкамі ўзброеных сілаў Беларусі. Як падае міністэрства абароны, сёлета плянуецца завяршыць будаўніцтва 17 жылых дамоў на 1850 кватэраў. Вайскоўцы павінны ўкласьці 25 адсоткаў уласных сродкаў ад кошту кватэры. А на астатнюю суму прадастаўляецца ільготны крэдыт і фінансавая дапамога.

А якая сытуацыя з жыльлём для вайскоўцаў у суседніх зь Беларусьсю краінах? Мой суразмоўца, былы міністар абароны Павал Казлоўскі, распавёў, што ў Украіне, у адпаведнасьці з указам Леаніда Кучмы, шэраг будаўнічых кампаній атрымаў ільготныя ўмовы для будаўніцтва жыльля, і пабудаваныя імі кватэры па нізкіх цэнах выкупае міністэрства абароны, якое ў сваю чаргу аддае іх вайскоўцам бясплатна. А ў суседняй Расеі цяпер прымаецца новая праграма будаўніцтва жыльля для вайскоўцаў.