У выканкамах створаныя групы, не прадугледжаныя Выбарчым кодэксам, якія падмяняюць выбарчыя камісіі

Валер Каліноўскі, Менск Праваабарончыя арганізацыі зафіксавалі негалоснае стварэньне ў мясцовых выканкамах рабочых, каардынацыйных або кансультацыйных групаў у справе правядзеньня выбараў, якія не прадугледжаныя Выбарчым кодэксам, і часам умешваюцца ў дзейнасьць акруговых камісіяў.
Філіі Беларускага Хэльсынскага камітэту падалі ўжо шэраг зваротаў у выканкамы, спрабуючы высьветліць прыроду і законнасьць групаў пры выканкамах у справе арганізацыі выбараў, — паведаміла старшыня БХК Тацяна Процька.

(Процька: ) “Пры ўсіх выканкамах створаныя групы, у склад якіх уключаюцца намесьнікі старшыні выканкаму і іншыя працаўнікі. Мы давалі запыт, у нас ёсьць адказ ЦВК. Яны кажуць, што нічога незаконнага тут няма, бо людзі абмяркоўваюць пытаньні, як лепей арганізаваць выбарчы працэс, такія тэхнічныя пытаньні. Другое, што гэтыя групы дэ-факта ўмешваюцца ў выбарчы працэс не з тэхнічнага боку, а палітычнага”.

Тацяна Процька зазначыла, што БХК будзе сачыць за дзейнасьцю такіх групаў і дабівацца пакараньня тых, хто пойдзе на ўмяшальніцтва ў выбарчы працэс:

(Процька: ) “Усёй сыстэмы мы не перавернем, але такога чалавека, які парушае дзейнае заканадаўства і падпадае пад артыкулы Крымінальнага кодэксу, мы будзем шукаць”.

Паводле сьведчаньняў актывістаў БХК, прадстаўнікі гэтых групаў выкарыстоўваюць перш за ўсё так званае “тэлефоннае права”. Намесьнік старшыні АГП Сяргей Альфер кажа, што і ў іх партыі ёсьць пэўныя зьвесткі пра дзейнасьць асобных групаў пры выканкамах, у прыватнасьці, у Салігорску.

(Альфер: ) “Калі гэтыя групы праводзяць агітацыйную ўладу за кандыдатаў ад улады, то гэта абсалютна ненармальна. І другое, мала таго, што ў выбарчых камісіях да паловы прадстаўнікоў улады, а астатнія паслухмяныя ім людзі, то ў гэтых групах на 100% прадстаўнікі ўлады, якія будуць выконваць распараджэньні вэртыкалі і адсочваць, як ідуць выбары і будуць даваць указаньні выбарчым камісіям. Ні для чаго іншага яны не ствараюцца, гэта ўвогуле незаконна і антыканстытуцыйна”.

Сяргей Альфер упэўнены, што гэтыя групы створаныя паводле загаду зьверху і не для магчымага рэфэрэндуму, у забесьпячэньні якога будзе задзейнічаная ўся вэртыкаль цалкам, а менавіта для супрацьдзеяньня незалежным кандыдатам.

Прыклад такога дзеяньня прывёў кіраўнік незалежнага назіраньня па Віцебскай вобласьці Алег Пашкевіч. На паседжаньні выбарчай камісіі ў Глыбокім прадастаўніца такой групы з райвыканкаму загадала не дапусьціць незалежнага назіральніка:

(Пашкевіч: ) “Увесь час прысутнічае на паседжаньні камісіі чалавек з выканкаму, адказны за арганізацыйна-кадравую працу, і ён, скажам так, там вядзе рэй. Калі выдалялі нашага назіральніка, то яна яго па-сутнасьці й не пусьціла. Насамрэч там уся ўлада знаходзіцца ў руках выканкаму”.

У Цэнтарвыбаркаме ведаюць пра гэтыя групы і ня лічаць незаконнай іх дзейнасьць. Гаворыць сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Мы толькі вітаем гэта, таму што гэта выкананьне тых функцыяў, якія ўскладзеныя на выканаўчыя органы заканадаўствам. Ніякай самадзейнасьці, ніякай антызаконшчыны тут няма”.