Састарэлыя камбайны на беларускіх палетках згараюць за 7–8 хвілінаў

Ігар Карней, Менск Сёлетняя “бітва за ўраджай” мае сваіх забітых і параненых. Ёсьць страты і ў тэхніцы, якая працуе на палетках: зьвесткі пра згарэлыя камбайны паступаюць рэгулярна. Якой цаной даецца высокі ўраджай для краіны?
Сумны досьвед сьведчыць: стары камбайн савецкай вытворчасьці гарыць у сярэднім 7–8 хвілінаў. Польскі ці нямецкі — удвая даўжэй, таму шанцы на выратаваньне большыя. Новыя камбайны зь Ліды і Гомелю пакуль не гарэлі. Пакуль што ад агня гінула выключна расейская тэхніка, якая згарэла ў калгасах Чкалава Глыбоцкага раёну, імя Дзяржынскага на Смаргоньшчыне, у Чэрвеньскім, Мёрскім, Бялыніцкім раёнах. Але, калі тэхніку аднавіць яшчэ можна, то чалавечыя ахвяры незваротныя.

У нядзелю ў Пружанскім раёне загінуў 64-гадовы рабочы, які разам з напарнікам праводзіў рамонт самаходнай касілкі “КПС-6Г” пры ўключаным рухавіку. Ад вібрацыі матору ўключылася перадача, і касілка пачала рухацца. Рабочы ад траўмаў памёр на месцы, ягоны напарнік зь пераломам сьцягна шпіталізаваны. Першы намесьнік міністра ў надзвычайных сытуацыях Энвэр Барыеў расказаў і пра іншыя экстрэмальныя выпадкі жніва-2004.

(Барыеў: ) “11 жніўня адбыўся выбух катла сушыльнага агрэгату ў Бераставіцкім раёне з-за парушэньняў тэхналягічнага працэсу: кацёл, які працаваў на вадкім паліве, пераводзілі на цьвёрдае, але апэрацыі па так званай прадзьмуўцы не было. Загінуў апэратар. Было таксама загараньне зернеўборачнага камбайну “Дон-1500” у Чэрвеньскім раёне. Камбайн моцна пашкоджаны. Таксама былі два загараньні на комплексных зернесушылках у Віцебскім і Кармянскім раёнах. Значную колькасьць зерня ўдалося выратаваць”.

Паводле спадара Барыева, падчас сёлетняга жніва ўдалося ўратаваць ад сьмерці 48 працаўнікоў, задзейнічаных на розных сельгасаб’ектах — і запэўніў, што мае сьпіс з канкрэтнымі прозьвішчамі. І зроблена гэта, паводле Барыева, з дапамогай швайцарцаў. Менавіта Швайцарская канфэдэрацыя выдаткавала 222 тысячы даляраў на праект санацыі жылога і службовага фонду ў справе аднаўленьня электраправодкі й аўтаномных апавяшчальнікаў у Барысаўскім, Кобрыньскім, Браслаўскім і Брагінскім раёнах. Аднак абсталяваць падобнымі апавяшчальнікамі сельскагаспадарчую тэхніку пакуль не выпадае. Таму падчас жніва менавіта камбайн застаецца найбольш пажаранебясьпечнай тэхнікай, — гаворыць Энвэр Барыеў.

(Барыеў: ) “Найбольш пажаранебясьпечная тая, якая мае працяглы тэрмін эксплюатацыі й ня вельмі добра абслугоўваецца. Я ўжо казаў пра расейскі “Дон-1500” 1990 году выпуску. Але цяжка віртуальна разважаць пра канкрэтную небясьпеку той ці іншай тэхнікі. Разам з тым, магу сказаць: што тычыцца зернеўборачнай тэхнікі, якая вырабляецца ў Беларусі, то адмыслоўцы навукова-практычных падразьдзяленьняў самым непасрэдным чынам разглядалі пытаньні пажарнай небясьпекі тэхнікі”.

Паводле высноваў гэтых навукоўцаў, беларуская тэхніка адпавядае стандартам пажарнай бясьпекі.