Беларусы належаць да ўсясьветнай эліты пакуль толькі ў неалімпійскіх відах спорту

Ігар Карней, Менск На тле сьціплых посьпехаў беларускіх атлетаў у Афінах эфэктна выглядаюць перамогі беларусаў у спаборніцтвах па неалімпійскіх, так бы мовіць, экзатычных відах спорту. І тут беларусы ўсё часьцей трапляюць у шэрагі ўсясьветнай эліты.
Ільга сказаць, што і першыя два мэдалі на Алімпіядзе беларусы заваявалі таксама ў экзатычным ці экстрэмальным відзе – жаночай цяжкай атлетыцы. Хто б яшчэ пяць гадоў таму мог уявіць, што беларускі зьдзівяць сьвет, падымаючы на памосьце сотні кіляграмаў жалеза? Дарэчы, толькі на мінулай Алімпіядзе ў Сыднэі жаночая цяжкая атлетыка дэбютавала як алімпійскі від – і вось такі прагрэс.

Зрэшты, і адна з пасьпяховых для беларусаў зімовая дысцыпліна, больш чым экстрэмальная. Гэта – фрыстайл, пэрспэктывы знаходжаньня якога на Алімпійскіх гульнях і надалей вельмі цьмяныя. Узьнікае натуральнае пытаньне: адкуль у талерантных беларусаў такая прага да адрэналіну?

А цяпер пра посьпехі беларусаў у тых нестандартных відах спорту, якія калі і будуць калі-небудзь алімпійскімі, то вельмі ў аддаленай будучыні. Вельмі неспадзяваным стала лідэрства беларускай прадстаўніцы ў чэмпіёнскай гонцы за карону спартовай саўны.

Ня ведаю, ці шмат хто ў Беларусі чуў пра такі спорт увогуле, але гэтым летам чэмпіёнкай сьвету ў ім стала 37-гадовая Натальля Трыфанава, хатняя гаспадыня зь вёскі Чачкава з-пад Менску. Міжнародны друк адразу ж назваў гэтую падзею галаўным болем для пачынальнікаў гэтага спорту – фінаў. Два гады запар Натальля “пераседжвала” дзесяткі супернікаў у парылках спачатку Фінляндыі, а потым Гішпаніі. А нядаўна яна разам з мужам не пакінула ніякіх шанцаў удзельнікам чэмпіянату Беларусі “Шчодры жар-2004”. Спартовы аглядальнік газэты “Народная воля” Алесь Сівы, які прысутнічаў на тых спаборніцтвах у якасьці назіральніка, расказвае.

(Сівы: ) “Спаборніцтвы праходзілі на тэрыторыі лецішча галоўнага судзьдзі, трэнэра беларускай каманды Віктара Зелянко. Як бы там ні было, але гэта быў адкрыты чэмпіянат Беларусі, і на ім прысутнічалі ня толькі прадстаўнікі Прыбалтыкі, але нават больш вядомыя людзі зь Беларусі: алімпійскі чэмпіён у цяжкай атлетыцы Леанід Тараненка, чатырохразовы алімпійскі чэмпіён у фэхтаваньні Віктар Сядзяк. Не пагрэбаваў туды прыехаць і камандзір брыгады спэцназу Дзьмітры Паўлічэнка. Ён, дарэчы, дайшоў да фіналу, але як сказаў хтосьці зь ягоных падначаленых, целам моцны, духам слабы. Ну, і вядома, уся ўвага была прыкутая да чэмпіёнкі сьвету Натальлі Трыфанавай: менавіта яна стала летась у Фінляндыі чэмпіёнкай сьвету і на гэты раз толькі пацьвердзіла свой статус”.

А ў якіх яшчэ неалімпійскіх відах спорту здабывалі перамогі беларусы? Напрыклад, якраз гэтымі днямі ў Аўстрыі адбываюцца спаборніцтвы ў парашутным спорце. Сярод 31 краіны беларусы пакуль першыя ў кваліфікацыі. У Гомелі, і таксама цяпер, праходзяць спаборніцтвы у пажарна-прыкладных відах спорту. Ізноў беларусы лепей за астатніх караскаюцца на імітатары будынкаў і расьцягваюць пажарныя помпы.

А ня так даўно ў Менску ладзіліся спаборніцтвы “супэрмэнаў”, арганізаваныя былым спартовым тэлежурналістам Уладзімерам Даўжэнкам. Моцна накачаныя маладыя людзі зь вялікім імпэтам цягалі на хуткасьць вялізныя бярвеньні, падымалі зусім непад’ёмныя камяні і г.д. Падобныя мерапрыемствы з элемэнтамі шоў вельмі папулярныя на Захадзе, і вось мода на іх дайшла да Беларусі. У гэтым кантэксьце пра алімпійскія посьпехі лепей сьціпла памаўчаць.