“Ня трэба было ціснуць псыхалягічна на нашых спартоўцаў, калі яны выяжджалі на Алімпіяду”

RFE/RL Водгукі слухачоў – 19 жніўня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.
(Лусевіч Міхаіл: ) “Пачуў па радыё выказваньне спадарыні Ярмошынай, дзе яна вельмі жадала, каб выбары прайшлі ў адзін тур, што адпавядае жаданьням спадара Лукашэнкі. Але самае дзіўнае тое, што яна гаворыць: “Як бы скарацілася мая праца!”

Я цалкам разумею спадарыню Ярмошыну. За гэтыя гады сапраўды яна стамілася хлусіць і праводзіць гэтыя выбары, якія цалкам непраўдзівыя. Таму, канечне, яе зразумець можна і можна шчыра ёй спачуваць у гэтым. Але дадам толькі адно, што ўсё ж такі прыйдзе той час, калі вы, шаноўная спадарыня Ярмошына, гэтай працай займацца ня будзеце і будзеце адпачываць так, як вы гэтага жадаеце”.

(Слухач: ) “Дзеля Бога! Рабіце што-небудзь! Хрыпіць, сьвішча, грыміць – нельга ж слухаць нічога! Трэба ж неяк сачыць за выразнасьцю гутаркі! Няхай Лукашук адкажа, чаму хрыпіць, грыміць, трашчыць”.

(Спадарыня: ) “Я толькі хачу выказаць сваё меркаваньне наконт выбараў. Як так можна, што не дапускаюць назіральнікаў на выбары? Ну чаму баяцца, калі ўсё ідзе справядліва? І я ня буду ніколі больш галасаваць за свайго Халопіка, таму што ён баязьлівец! Ён не пайшоў на інтэрвію ў сувязі з галадоўкай дэпутатаў парлямэнту Фралова, Скрабца і Парфяновіча. Ён будзе зноў балятавацца ў палату, я ведаю, але, я думаю, што мая сям’я за яго галасаваць больш ня будзе. Гэта па-першае.

Па-другое, Паўліна зусім правільна сказала, што ня трэба было ціснуць псыхалягічна на нашых спартоўцаў, калі яны выяжджалі на Алімпіяду”.