Валерыю Леванеўскаму працягнулі тэрмін знаходжаньня ў сьледчым ізалятары

Сяргей Астраўцоў, Горадня Валеры Леванеўскі, кіраўнік страйкаму прадпрымальнікаў краіны, застанецца ў сьледчым ізалятары. Тэрмін арышту працягнуты да 13 верасьня. Ён і ягоны намесьнік Аляксандар Васільеў абвінавачаныя па крымінальнай справе аб публічнай абразе прэзыдэнта Лукашэнкі. Матэрыялы гэтай справы перададзеныя ў Ленінскі раённы суд Горадні.
Валеры Леванеўскі сядзіць за кратамі 3,5 месяца. Учора ў 21.20 сканчаўся тэрмін ягонага арышту, родныя нічога ня ведалі аб тым, што яго ня выпусьцяць, яны прыйшлі ўвечары да турмы. Аднак дзяжурны сказаў, што спадар Леванеўскі застанецца ў сьледчым ізалятары. Марына Леванеўская і два яе сыны вельмі спадзяваліся ўбачыць мужа і бацьку яшчэ й таму, што яму ў гэты ў гэты дзень споўніўся 41 год.

(Леванеўская: ) “Мы вельмі чакалі, думалі, што яго выпусьцяць, таму што тры з паловай месяца яго ўжо ня бачылі. Разам з дачкой згатавалі пірог. Ніхто не паведамляў нам, што яму працягваюць арышт. Я абурана, канечне. Дзеці чакаюць, я таксама чакаю. Цяжка ў сям’і бяз бацькі”.

Тэрмін знаходжаньня ў сьледчым ізалятары Валерыю Леванеўскаму працягнуў Ленінскі раённы суд, дзе будзе разглядацца справа аб публічнай абразе прэзыдэнта Лукашэнкі. Па часе прызначаць судзьдзю, які будзе весьці судовы працэс.