“Хацеў бы, каб мае праўнукі пайшлі ў Беларускі ліцэй і ЭГУ, а не туды, дзе будуць казармавыя мазгі рыхтаваць”

RFE/RL Водгукі слухачоў – 10 жніўня. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.
(Лусевіч Міхаіл, Ліда: ) “Добры вечар, Свабода! Даволі часта чую па тэлефонных званках рускамоўнага дзядзьку, які вельмі апантана даказвае штосьці там людзям, які жадае давесьці, што добры Лукашэнка, добры наш рэжым. Вось і сёньня ён раіў Зінаідзе Ганчар пачытаць “Крымінальны кодэкс”, каб даведацца, што сваю віну павінен даказваць не чалавек, а суд. Дык вось, я жадаў бы яму сказаць, каб ён гэта, калі ён такі разумны, па-першае, сказаў бы спадару Лукашэнку і тым судзьдзям, якія судзяць прадстаўнікоў апазыцыі і прымушаюць іх даказваць віну. А вось калі справа дайшла да яго “гаспадароў”, як я кажу пра такіх людзей, ён тут апантана спрабуе даказаць, што ёсьць ісьціна нейкая судовая. Чаму ж вы ў дачыненьні да апазыцыйных дзеячоў ці проста грамадзян Беларусі гэтага ніяк не заўважаеце, шаноўны спадар?”

(Слухач: ) “Свабода на беларускай мове хрыпіць, шыпіць, нельга нічога слухаць. Гаворыць адзін толькі Парыж. Зрабіце што-небудзь!”

(Слухач: ) “Добрай раніцы, дарагія сябры! Перш за ўсё, нізкі вам паклон за тую песьню, што вы сёньня напрыканцы праграмы далі. Прыціснулі мяне аж сьлёзы, калі я пачуў гэтую песьню. Дзякуй вам яшчэ раз.

На тое пытаньне, куды паслаць дзяцей вучыцца? Я вось чакаю, калі ў мяне народзяцца праўнукі, таму што мне ўжо 73 гады. І я хацеў бы, каб яны вучыліся ў такой установе як Беларускі нацыянальны ліцэй, які зараз у падпольле пайшоў і недзе вучыць дзетак і ў ЭГУ Міхайлава. Таму што ў першым яны б атрымалі б душу беларускую, сваю культуру, сваю мову і свой беларускі погляд на жыцьцё, а з другога боку ўжо гуманітарную эўрапейскую асвоілі спадчыну і культуру. Вось чаго б я чакаў і чаго б я жадаў, а не туды, дзе будуць казармавыя мазгі рыхтаваць. Дзякуй вам. Добрага вам здароўя. Сёньня слухаў вашую праграму. Яе ніхто не глушыў быццам бы”.