Цытаты мінулага – 6 жніўня

Зьміцер Падбярэскі, Менск Беларуская прэса розных гадоў 6 жніўня. “Витебские губернские ведомости” (1894), “Сын Беларуса” (1924), “Народная газета” (1994).
* “Витебские губернские ведомости”, 1894 год. Друкуецца расклад гадавога прызыву 1894 году па губэрнях Паўночна-Заходняга краю: “У губэрні належыць узяць навабранцаў: Віцебская – 3805, Віленская – 4246, Гарадзенская – 4479, Ковенская – 4427, Менская – 5639, Магілеўская – 4865”.

* “Сын Беларуса”, 1924 год. “Народны Камісарыят Земляробства Беларусі дзеля падгатаваньня запраўдных беларускіх спэцыялістаў па сельскай гаспадарцы зрабіў канкрэтныя крокі па набыцьці беларускай сельска гаспадарчай і лесавой тэрміналёгіі і па арганізацыі выдаваньня ў беларускай мове падручнікаў для сельска гаспадарчых тэхнікумаў. Амаль усе падручнікі будуць пераложаны з расейскіх і больш-менш дапасованы да патрэбных умоваў; на ўлажэньне самастойных падручнікаў па земляробству праяктуецца абвяшчэньне конкурсу”.

* “Народная газета”, 1994 год. Акцэнтуецца ўвага на наступным: “Журналісцкая цікавасць да сям’і прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, мяркуючы па ўсім, расце з кожным днём. Адразу пасля выбараў у вёсцы Рыжкавічы Шклоўскага раёна пабывалі карэспандэнты “Народнай газеты”, нядаўна, напрыклад, – калегі са “Звязды”. Адказваючы на пытанне: “А ці ёсць у вас палітычныя рознагалоссі з мужам?”, – жонка першага прэзыдэнта Беларусі Галіна Радзівонаўна Лукашэнка сказала: “У нечым я з ім не згодна. Напрыклад, ён выступае за двухмоўе, а я лічу, што ў нас павінна быць дзяржаўнай толькі беларуская мова. Сорамна нам, беларусам, не ведаць сваёй мовы. А калі ўвесці двухмоўе, то ўсё застанецца так, як ёсць”.