Польшча сьвяткуе 60-я ўгодкі Варшаўскага паўстаньня

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы адбываюцца сьвяточныя мерапрыемствы з нагоды 60-х угодкаў пачатку Варшаўскага паўстаньня. У сьвяткаваньні бяруць удзел, сярод іншых, Колін Паўэл і Герхард Шродэр, а зь Беларусі – лідэр БНФ Вінцук Вячорка і старшыня менскага гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў.
Звон “Мантэра” абвясьціў у суботу пра, бадай што, галоўную падзею сьвяткваньня ўгодкаў паўстаньня – адкрыцьцё вялізнага музэю Варшаўскага паўстаньня.

“Мантэр” – гэта падпольны псэўданім генэрала Антонія Хрусьцеля – камандзіра паўстаньня, якога пасьля вайны ўлады Народнай Польшчы не пусьцілі ў краіну і пазбавілі польскага грамадзянства. Гэтымі днямі парэшткі генэрала былі перавезеныя ў Варшаву.

(Удзельнік паўстаньня: ) “Мы чакалі гэтага 60 гадоў. Шмат хто не дажыў да гэтых хвілінаў, памёр тут ці ў выгнаньні”.

Угодкі паўстаньня, найвялікшага на ўсёй акупаванай немцамі ў часе Другой сусьветнай вайны тэрыторыі, пачалі адзначацца толькі пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму.

(Квасьнеўскі: ) “Палякі – гэта народ, які мусіў шмат змагацца ў мінулым стагодзьдзі. Варшаўскае паўстаньне – гэта вялікі гераічны ўчынак і мне сорамна, што былі такія часы, калі ўлады перасьледавалі герояў-паўстанцаў”.

Гэта заявіў прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі.

Адна з найбольш важных частак музэю – “Сьцяна памяці”даўжынёй у 150 мэтраў, на якой – імёны ўсіх вядомых удзельнікаў паўстаньня. Адмыслова для музэю была адноўленая ў арыгінальным выглядзе і з арыгінальных частак радыёстанцыя паўстанцаў “Маланка”.

Гэтымі днямі ў Варшаву прыехалі каля 3 тысячаў удзельнікаў паўстаньня. Яны бралі ўдзел у запаленьні Вечнага агню ў памяць пра паўстаньне, сустракаліся з прэзыдэнтам, былі ганаровымі гасьцямі Сэйму, атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды. Але аднымі з найбольш важных былі словы, якія вэтэраны пачулі ад мэра Варшавы Леха Качыньскага.

(Качыньскі: ) “Паўстаньне было галоўнай падзеяй у барацьбе палякаў за незалежнасьць у мінулым стагодзьдзі. Яно было пачаткам барацьбы з камуністычным рэжымам, які ўсталявалі ў Польшчы сілай. Барацьбы, якая скончылася ў 89 годзе перамогай “Салідарнасьці”.

Варшаўскае паўстаньне было часткай апэрацыі “Навальніца”, у часе якой аддзелы Арміі Краёвай выбівалі фашыстаў з польскіх гарадоў і мястэчак няпярэдадні надыходу савецкай арміі і абвяшчалі там уладу Лёнданскага іміграцыйнага ўраду. У бальшыні выпадкаў, аднак, савецкія войскі раззброівалі польскіх партызанаў, а афіцэраў расстрэльвалі ці высылалі ў лягер.

Варшаўскае паўстаньне, у якім узялі ўдзел каля 40 тысячаў партызанаў Арміі Краёвай, працягвалася 63 дні. У адказ немцы ўшчэнт зруйнавалі горад і забілі каля 150 тысячаў партызанаў і жыхароў Варшавы.

Увесь гэты час за расправай назіралі салдаты савецкай арміі, часткі якой стаялі на супрацьлеглым баку Віслы.