Усходняя й Заходняя Беларусь: адрозьненьні й іх прычыны

Аляксандар Уліцёнак, Менск Падаю стэрэатып з савецкіх падручнікаў: буржуазная Польшча пад корань вынішчала ўсё нацыянальнае ў Заходняй Беларусі. Аднак жа сёньня матчына мова лепш пачувае сябе менавіта там. Ці стэрэатып найноўшы: “усходнікі” таму, нібыта, больш кансэрватыўныя, што яны пераважна – носьбіты традыцыяў вясковае культуры. Але насамрэч сельскага насельніцтва ўдвая больш менавіта сярод “заходнікаў”... Пра гэтыя ды іншыя адрозьненьні паміж усходам і захадам краіны й пойдзе размова.
Такога кантрастнага падзелу краіны на ўсходнюю й заходнюю часткі, як ва Ўкраіне, на першы погляд у Беларусі не заўважна. Але пра адметнасьці ў мэнталітэце, укладзе жыцьця заходніх ды ўсходніх беларусаў варта паразважаць і людзей паслухаць.

Гарадзенец Уладзімер Хільмановіч паходзіць са Шчучынскага раёну. Гісторык па адукацыі, ён выпускае бюлетэнь “Свой лад”, друкуецца ў беластоцкай газэце “Ніва”. У сваіх публікацыях дасьледуе й праблематыку беларускае мэнтальнасьці.

(Хільмановіч: ) “Адрозьненьні ёсьць, асабліва паміж Усходняй і Заходняй Беларусьсю, і гэта абумоўлена гістарычна, тым кавалкам часу – 21-39 год – калі Беларусь Заходняя была адасобленая ад Савецкай Беларусі”.

Менавіта тады на Магілёўшчыне, Гомельшчыне, Віцебшчыне пачала закладацца індустрыяльная база БССР, якая канчаткова замацавалася за кошт пасьляваенных гіганцкіх новабудоўляў. Заводы й фабрыкі актыўна высмоктвалі рабочую сілу з рэгіёнаў, а дадаткова сюды – на ўдарныя будоўлі – зьяжджалася людзтва з усяго Савецкага Саюзу, найперш – з Расеі. Раней значна больш “беларускія”, усходнія гарады імкліва інтэрнацыяналізаваліся. А што да навакольных вёсак, дык яны ня толькі спустошваліся, але й куды больш заўважна, чым на захадзе, “саветызаваліся” праз “школу калектыўнага гаспадараньня”. Пра вынікі таго “навучаньня” гаворыць яшчэ адзін гісторык – Віктар Сазонаў.

(Сазонаў: ) “Усходняя Беларусь раней падпала пад калгасны лад, і беларусы-заходнікі засталіся больш індывідуалістамі, мелі прыватныя гаспадаркі. І гэта адбілася на мэнталітэце людзей”.

Вось меркаваньне дэпутата зь Белаазёрску Юрася Губарэвіча.

(Губарэвіч: ) “Ну, гэта ўжо звыклы такі падыход: на захадзе людзі больш уважлівыя да сваёй сельскай гаспадаркі, яны заўсёды маюць нейкія гароды каля дамоў. Калі праяжджаеш па Беларусі далей на ўсход, то ўжо бачна, што сытуацыя з гэтым робіцца горшай і горшай”.

Сказана без асаблівых згадак пра трагічны для ўсходу шлях калектывізацыі. А ейным вынікам сталася, напрыклад, такая недарэчна-трагічная сытуацыя, што без усялякае вайны за апошнюю чвэрць стагодзьдзя Віцебшчына страціла кожнае чацьвёртае паселішча. Чарнобыль прысьпешыў усьлед за суседзямі й магілеўчан, а таксама Гомельшчыну. Гарадзенцам, берасьцейцам ды Меншчыне да такой дынамікі, дзякуй Богу, далёка. З тае адрознасьці, што выяўляецца на побытавым узроўні, ужо каторы год дзівіцца некалі заходнік, а цяпер аршанскі фэрмэр Адам Сапежка.

(Сапежка: ) “Сюды я прыехаў, ужо калі ажаніўся – гадоў каля 30-ці мне было. Канечне, адрозьненьне адразу адчулася – што “ня ўпісваесься ў клімат”. Кажуць: “Ты – паляк”… І, безумоўна, ёсьць адрозьненьні – гэта стаўленьне да працы. Ты ж паглядзі: ёсьць такія дамы, дзе нават курыцы няма!”

Дарэчы, траціна з 245 зьніклых за апошнія 18 год гомельскіх вёсак – вынік атакі не Чарнобылю, але працэсу урбанізацыі. Аднак лідэрам тут паўстае Меншчына. А Берасьцейшчына й Гарадзеншчына – аўтсайдэры. Калі доля сельскага насельніцтва на ўсходзе Беларусі складае прыкладна 25 адсоткаў, дык на захадзе яна ўдвая большая. Зразумела, там вышэйшы й узровень жыцьця. Зазвычай тлумачаць гэта традыцыйнай працавітасьцю тамтэйшых сялян, запозьненай саветызацыяй краю. Гаворыць Алена Бруй з Валожынскага раёну.

(Бруй: ) “Тут людзі багацей жывуць. Тут з пакаленьня ў пакаленьне гаспадарлівасьць перадавалася. У мяне дзед быў кулаком. Яго раскулачвалі... Пасадзілі дзеда ў турму”.

Усё так. Аднак гаспадарскаму лідэрству заходнікаў дадаткова паспрыяла – і гэта своеасаблівы парадокс – менавіта савецкая ўлада. Бо з дырэктываў ЦК кампартыі ў заходніх абласьцях былі збудаваны магутныя агракомплексы – з адпаведнай сацыяльнай інфраструктурай. Колькасьць сродкаў, укладзеных за часамі БССР у аграрны сэктар захаду, была хіба ці не адваротна прапарцыянальнай абсталяванасьці ўсходняй індустрыі. Вынік такой палітыкі падсумоўвае валожынец Віктар Мацыеўскі.

(Мацыеўскі: ) “Тут людзі зь дзяцінства былі прывучаны да працы. Імкнуліся зарабіць грошы. А тым больш савецкая ўлада “развраціла”: прывучыла да п’янак, да ўсяго астатняга. Сюды прыяжджаеш, – дык тут людзі імкнуцца й хаты будаваць. А туды прыяжджаеш, дык там платы павалены. У гэтым уся розьніца”.

Любоў Фірсава зьехала ад Чарнобылю ў валожынскую вёску Падневічы з Буда-Кашалёўскага раёну. Яна пагаджаецца: тут жывуць багацей, аднак бароніць “усходнікаў” ад усялякіх дакараньняў за ляноту, адсутнасьць інстынкту ўласьнікаў...

(Фірсава: ) “У нас простыя людзі. Вядома, мільёнаў мы ня мелі – ніхто. Простыя сялянскія людзі. Працуюць – і ўсё. Але ўсе вельмі добрыя”.

А яшчэ спадарыня Любоў лічыць сваіх землякоў больш настойлівымі, як яна кажа, – “прабіўнымі”. Маўляў, там жывуць бядней, таму лепшыя выбіваюцца ў людзі, дзякуючы падвышанай энэргічнасьці. На думку жанчыны, дрэнна тое, што шэраговыя вяскоўцы ня маюць часу падарожнічаць па краіне, цікавіцца іншымі рэгіёнамі. Таму й жывуць недарэчныя міты.

(Фірсава: ) “Калі даведаліся мае землякі, што я еду сюды, яны ўсе зьдзівіліся: “Як, да заходнікаў?! Там жа людзі шкодныя. Кепскія! Ня будуць размаўляць...” Але калі мяне прывезьлі, – да мяне адразу ж прыйшлі ўсе, прапаноўвалі дапамогу. І дзякуй ім: яны мяне ня крыўдзяць. Як я была добрай да людзей там, так і тут такой жа засталася”.

Гаворачы пра сваіх новых суседзяў, спадарыня Фірсава азначыла: у заходняй Беларусі непараўнальна большы ўплыў мае рэлігія. Гэтае назіраньне пацьвярджае й навуковец Уладзімер Хільмановіч.

(Хільмановіч: ) “На Гарадзеншчыне й Берасьцейшчыне шматканфэсійнасьць: каталіцтва, пратэстанцтва, праваслаўе. Гэта адбіваецца на паўсядзённым жыцьці людзей. На вясельлях, напрыклад, “Сто лят!” сьпяваюць і праваслаўныя, і каталікі. На ўсходзе стаўленьне да каталіцтва больш насьцярожанае”.

За Пілсудзкім у так званых “крэсах усходніх” праваслаўная царква ўспрымалася як вораг нумар два – апасьля бальшавікоў. Улады наўмысна не заміналі актыўнай дзейнасьці пратэстанцкіх місіянэраў, бо малельныя дамы пяцідзясятнікаў, баптыстаў і адвэнтыстаў папаўняліся менавіта з праваслаўнага асяродку. Адначасна ва ўсходняй – Савецкай Беларусі – вынішчаліся ўсялякія праявы рэлігійнасьці. І перад “аб’яднаўчым” верасьнем 39-га году там ацалелі толькі зь дзясятак цэркваў ды два касьцёлы. Між тым, заходнікі мелі каля 700 цэркваў, звыш 200 касьцёлаў і да сотні пратэстанцкіх абшчын. Вынікі рэлігійнае дэфармацыі тае пары адчувальныя яшчэ й сёньня. Хоць кантраснасьці, вядома, паменела.

(Ганна: ) “Мы ўсе беларусы. Але… розьніца ўсё ж такі ёсьць”.

Гэтак выснавала спадарыня Ганна. Родам яна з Івацэвіцкага раёну, што на Берасьцейшчыне. 18 гадоў таму паводле разьмеркаваньня прыехала ў Магілёў, выйшла замуж... Час не пазбавіў яе звычкі хадзіць у царкву. Але беларускую мову, на якой размаўляла некалі дома, забылася...

(Ганна: ) “У нас, у нашай мясцовасьці, – пераважае беларуская мова. А тут, я сказала б, – руская, трасянка”.

Гэтае назіраньне зусім не стасуецца з афіцыйнай пазыцыяй. Дагэтуль у школах і ВНУ цьвердзяць пра татальнае вынішчэньне беларушчыны на тэрыторыі “ўсходніх крэсаў” і нацыянальны росквіт у БССР. Чаму ж тады родная мова лепш захавалася там, дзе ёй, нібыта, зусім жыцьця не давалі? Ці не з тае прычыны, якое надта асьцерагаецца афіцыйная прапаганда, замоўчваючы факт існаваньня ў заходняй Беларусі Таварыства беларускай школы, Беларускага інстытуту гаспадаркі й культуры, Таварыства беларускай асьветы... Гаворыць гарадзенскі гісторык Віктар Сазонаў.

(Сазонаў:) “На захадзе Беларусі захаваўся значна шырэйшы беларускі моўны асяродак. У нядаўнія савецкія гады вялася ціхая вайна супраць беларускай мовы. Гэтая вайна на ўсходзе Беларусі значна раней пачалася. І там так склалася, што для часткі людзей беларуская мова стала другараднай, беспэрспэктыўнай”.

Рэлігійныя, моўна-культурныя адрознасьці выяўляюцца й у больш ашчадным стаўленьні “заходнікаў” да адвечных народных традыцый. Так, спадарыню Ганну з Івацэвіч уразіла сьвяткаваньне Купальля на Магілёўшчыне.

(Ганна: ) “Вось у нас няма такога: сьцерагуць перад Купалам плоты, лавы – усё падрад. У нас на Купалу народ заходзіць на кожны двор, сьпявае: “Купалінка, цёмна ночка, дзе твая дочка…”

Ганна лічыць, што ва ўсходняй Беларусі людзі больш замкнёныя, насьцярожаныя. І тлумачыць гэта, у паасобку, уплывам апошняе вайны – Віцебшчына, Магілёўшчына й Гомельшчына пацярпелі больш за заходнія вобласьці. Адсюль і перасьцярога: візытоўка ўсходняй хаты – надзейны плот...

(Ганна: ) “Я, напрыклад, была ў Слаўгарадзкім, Амсьціслаўскім раёнах – тут платы вельмі высокія. Мяне гэта трохі “забівае”. У нас такога няма: прыгожыя плоцікі, роўненькія й вельмі акуратныя. І кветкі, шмат кветак”.

Наступнае параўнаньне беларускага ўсходу зь беларускім захадам, так бы мовіць, “мужчынскае” – ад жыхара Воршы Адама Сапежкі.

(Сапежка: ) “У нас кожны прыносіць свой кошык зь ежай, у кошыку – бутэлька. А калі ідзеш з жонкай, то й дзьве бутэлькі: гарэлка й віно. Тут такога няма, тут даводзіцца гаспадаром усіх суседзяў карміць – і мне гэта вельмі дзіўна было”.

Аршанскія знаёмцы спадара Адама тлумачаць гэта экспансіяй суседніх, расейскіх, традыцый. А на захадзе сытуацыя іншая: захаваньню свайго, нацыянальнага, наадварот, спрыяе моцная падтрымка суседзяў – палякаў, літоўцаў, латышоў, чые культуры набліжаны да беларускай. І з гэтага гарадзенскі навуковец Уладзімер Хільмановіч робіць наступную выснову.

(Хільмановіч: ) “На захадзе Беларусі няма такога страху перад экспансіяй НАТО, перад наступам заходняй культуры. На ўсходзе больш напружана да гэтага ставяцца. Я мяркую: калі Беларусь пачне свой шлях вяртаньня ў Эўропу, – безумоўна, чалавеку з заходняй Беларусі будзе лягчэй інтэгравацца ў заходнюю культуру, у рэчаіснасьць. Таму што гэтая сумежнасьць – яна моцна ўплывае: няма фобіі перад Эўропай Заходняй у заходняга беларуса. На ўсходзе гэта больш яскрава выяўляецца яшчэ, перш за ўсё, “дзякуючы” прапагандзе тэлевізіі”.

Свайго калегу дапаўняе гісторык Віктар Сазонаў.

(Сазонаў: ) “Ёсьць разумныя адукаваныя людзі тут, ёсьць разумныя адукаваныя й там. Чалавек не расьце сам па сабе: ён ёсьць прадуктам грамадзтва. У якіх колах ён расьце, у якіх колах выхоўваецца, – гэта ўсё ўплывае на ягоны мэнталітэт. Я думаю, што чалавек з захаду, калі стаў бы кіраўніком краіны, ён глядзеў бы на Захад. Таму што заходняя Беларусь мае глыбокія традыцыі страху менавіта да Расеі. Я памятаю сваіх дзядоў. Яны гаварылі, што бальшавік прынёс бяду на нашую зямлю. Таму зразумела, што збліжэньне з Захадам ішло б значна хутчэйшымі тэмпамі, і межы з Расеяй так бы не адкрываліся, а шукаліся б стасункі з усходнім суседам узаемавыгодныя”.

Такім чынам, адрознасьць паміж магілёўцамі й гарадзенцамі добра прыкметная. Аднак усе нашыя суразмоўцы пагаджаліся, што гэта зусім ня той клінічны выпадак, пра які пісаў Кіплінг: памятаеце? – захад ёсьць захадам, усход ёсьць усходам, і ім ніколі не сысьціся... Беларусы ўжо сышліся: гэта адзіны народ. І як зьнікла мяжа, што прымусова падзяляла адну краіну, так на шляху ў новую Эўропу сатрэцца зь беларускага мэнталітэту, нібы з магнітнае стужкі, усё наноснае, чужое, неўласьцівае нацыі ў вякох...

Для праграмы падрыхтавалі свае матэрыялы І.Іванова, А.Сьцяпанава, Н.Шарай, М.Стэльмак, С.Астраўцоў.