50 дэпутатаў польскага Сэйму, у тым ліку віцэ-сьпікер польскага парлямэнту, пратэстуюць перад беларускай амбасадай у Варшаве

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня апоўдні каля беларускай амбасады ў Варшаве прайшла акцыя пратэсту супраць парушэньня палітычных правоў грамадзянаў Беларусі, у якой, сярод іншых, узялі ўдзел каля 50 дэпутатаў і віцэ-сьпікер польскага Сэйму ад партыі “Грамадзянская плятформа”, якая арганізавала акцыю.
(Туск: ) “Мы атрымалі інфармацыю ад нашых партнэраў зь Беларусі пра тое, што беларускія улады хочуць спыніць дзейнасьць шэрагу апазыцыйных партыяў. У адмысловым лісьце Беларускага народнага фронту беларускія апазыцыянэры зьвяртаюцца з заклікам да нашай партыі і ўсіх палякаў не пакінуць беларусаў, якія цяпер змагаюцца супраць рэжыму, у цяжкі для іх час. Мы зробім усё, каб палякі згодна выступілі ў абарону грамадзянскіх правоў ў Беларусі і будзем дапамагаць беларускай апазыцыі ўсімі магчымымі сродкамі”,– заявіў у часе прамовы перад прысутнымі віцэ-сьпікер Сэйму, лідэр партыі “Грамадзянская плятформа” Дональд Туск.

Каля новага будынку беларускай амбасады ў Варшаве сабраліся каля 50 дэпутатаў парлямэнту ад гэтай партыі, і яшчэ прыкладна столькі ж сябраў моладзевай арганізацыі “Грамадзянскай плятформы” – “Маладыя дэмакраты”, а таксама сябры “Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі”. Прысутныя трымалі плякаты “Лукашэнку пад суд!”, “Стоп Лукашэнка!”.

Віце-сьпікер Сэйму заявіў таксама, што ў бліжэйшы час дэпутаты ад “Грамадзянскай плятформы” ў Эўрапейскім парлямэнце пачнуць шырокамаштабную кампанію, мэта якой – прыцягнуць увагу Эўразьвязу да сытуацыі ў Беларусі.

(Туск: ) “Я перакананы, што акцыя нашых дэпутатаў будзе ўспрынятая з разуменьнем усімі дэпутатамі Эўрапарлямэнту. Ужо ў хуткім часе мы будзем сьведкамі вельмі сур’ёзнай акцыі ў справе Беларусі ў Эўрапапрлямэнце”, – заявіў Дональд Туск. Прысутныя сустрэлі ягоныя словы аплядысмэнтамі.

У сваю чаргу лідэр парлямэнцкай фракцыі “Грамадзянскай плятформы” Ян Ракіта, адказваючы на пытаньне пра магчымую дапамогу студэнтам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, сказаў:

(Ракіта: ) “Студэнтам, якіх, выключаць зь беларускіх ВНУ, і якія схочуць вучыцца ў Польшчы, мы дапаможам гэта зрабіць. Гэта сапраўды ў нашых сілах”, – заявіў Ян Ракіта.

Варта адзначыць, што лібэральная партыя “Грамадзянская плятформа” ёсьць цяпер найбольш папулярнай палітычнай сілай у Польшчы.

У наступным годзе “Грамадзянская плятформа” праўдападобна выйграе парлямэнцкія выбары і ўтворыць новы ўрад.

На фотаздымку: Віцэ-сьпікер Сэйму, лідэр партыі “Грамадзянская плятформа” Дональд Туск выступае па польскім тэлебачаньні.