У саўгасе “Камінтэрн” пераканаліся, што прыватныя гаспадары лепей даглядаюць і кормяць кароў

Казімір Яноўскі, Гомель У сельгаспрадпрыемстве “Камінтэрн” Буда-Кашалёўскага раёну сталі практыкаваць перадачу саўгасных кароў на ўтрыманьне вяскоўцам. За гэта прыватнікі павінны абавязкова здаваць саўгасу малако і прыплод.
Цяпер шмат вядзецца размоваў на самым вышэйшым узроўні пра адраджэньне вёскі, рэфармаваньне сельгасвытворчасьці. Калгасы і саўгасы прапануюць аддаваць прадпрымальнікам – аднак пра дэкалектывізацыю фэрмаў нешта не было чутна. Як так здарылася, што ў “Камінтэрне” саўгасных кароў сталі аддаваць на ўтрыманьне вяскоўцам?

Сталася гэта яшчэ пры былым кіраўніку “Камінтэрну”. Паколькі бракавала кармоў і прадуктыўнасьць кароў у саўгасе была вельмі нізкай, то кіраўніцтва і вырашыла раздаваць іх прыватнікам у часовае карыстаньне. Узамен вяскоўцы павінны былі здаць саўгасу цягам году 2 тоны малака і прыплод. Калі дамова выконвалася, то карову ўрэшце пакідалі прыватніку.

Цяперашні дырэктар Сяргей Шаўчук падоўжыў практыку перадачы саўгасных кароў на ўтрыманьне вяскоўцам. У жніўні дырэкцыя зьбіраецца надзяліць каровамі каля дзесятка маладых спэцыялістаў.

Выглядае, што перадача кароў выгадна саўгасу – а вось наколькі гэта задавальняе вяскоўцаў? Тыя больш ахвотна бяруць кароў на ўмовах разьліку прадукцыяй. Купіць карову большасьці не па кішэні: дарослая дойная жывёліна каштуе цяпер каля 400 даляраў, а зарабляюць многія вяскоўцы ў межах 40-50 даляраў.

Адным словам, купіць карову вясковаму жыхару складана, а здаць за яе ў год нават дзьве тоны малака і цяля пры жаданьні можна. Вось як ставіцца да каровы маці чацьвярых дзяцей Сьвятлана Какавуліна:

(Какавуліна: ) “Карова ў хаце – гэта карміліца”.

Малады вясковец Аляксей Вараксін, які ўсьлед за бацькам нядаўна стаў працаваць у саўгасе, таксама лічыць, што без каровы нельга:

(Вараксін: ) “У нас была адна ды прапала. Другую ўзялі на фэрме”.

Саўгасу ў сваю чаргу выгадна, каб вяскоўцы бралі кароў на свае падворкі. Распавядае бугальтарка Марына Будзянкова:

(Будзянкова: ) “Саўгасу таксама выгадна. Гаспадары лепей даглядаюць карову, раздойваюць яе. І кормяць лепей”.

А як фінансава пачувае сябе “Камінтэрн”: ці паспрыяла перадача кароў прыватнікам фінансаваму стану гаспадаркі?

(Будзянкова: ) “Дзесяць гадоў таму даходы былі большымі. Цяпер вельмі вялікія выдаткі на паліва. Усе энэрганосьбіты дарагія. Газ вельмі дарагі. Мы, людзі, таксама адчуваем, што газ вельмі дарагі. Многа забірае квартплата і газ – зімою амаль увесь заробак”.

Перадаваць прыватнікам іншую саўгасную жывёлу пакуль не плянуецца. Напрыклад, у сельгаспрадпрыемстве ёсьць буйны комплекс вырошчваньня сьвіней. Іх там больш за 10 тысячаў. Але ў бліжэйшых вёсках няма столькі людзей, каб раздаць парсюкоў. Хаця й на комплексе сьвінаркі ад сваёй працы не ў захапленьні. Вось што кажа адна зь іх, Любоў Белавус:

(Белавус:) “Я сьвінаркаю працую 16 гадоў. 120 тысячаў рублёў заробак. Бруднымі! Тры тоны кармоў кожны дзень трэба перацягнуць ўручную. Вельмі цяжка для жанчыны. Разьлічылася, няма здароўя болей працаваць”.