20 гадоў таму памёр Уладзімер Караткевіч -- сябры, родныя й блізкія ўспамінаюць

Валянціна Аксак, Менск Сёньня споўнілася 20 гадоў, як ня стала аднаго з самых непаўторных, знакавых пісьменьнікаў Беларусі Ўладзімера Караткевіча. Ягоны ўплыў на фармаваньне нацыянальнае сьвядомасьці беларусаў другой паловы дваццатага стагодзьдзя цяжка пераацаніць. Пра гэтую адметнасьць унікальнага таленту пісьменьніка напісана шмат. У нашай сёньняшняй праграме сябры, родныя й блізкія згадваюць яшчэ адзін адметны талент Уладзімера Караткевіча – талент натуральнага незакамплексаванага чалавека.
Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін упершыню ўбачыў Уладзімера Караткевіча на сэмінары маладых літаратараў у 1956 годзе. І ад таго часу іхнае сяброўства было непарушным да самага трагічнага дваццацьпяталіпеньскага раньня 1984 году.

(Барадулін: ) “На нейкай сустрэчы мне задалі пытаньне: “Чаго гэта вы сябравалі з геніяльнымі людзьмі?” Дык я да гэтага часу ня ведаю, чаго… Геніяльныя людзі – яны натуральныя, без усялякіх комплексаў, яны зь сябе нічога ня строяць. І мяне цягнула да натуральных людзей…”

Шчырае шматгадовае сяброўства Барадуліна й Караткевіча дазваляла раскрыцьцю натуральных чалавечых якасьцяў напоўніцу. Вось прыклад інтымна-жартаўлівага стаўленьня да жонак (абедзьвюх, дарэчы, звалі Валянцінамі).

(Барадулін: ) “Давалі аўтографы на ніжняй бялізьне. Я – ягонай Валянціне, а ён – маёй. Валодзя быў і тут натуральны…”

Эпізодаў, сьмешных гісторый, здарэньняў, якія паказваюць непасрэднасьць ягонага незабыўнага сябра, Рыгор Барадулін прыгадвае безьліч. Вось піва-вінныя.

(Барадулін: ) “Цяпер, у сьпякотныя гэтыя дні, мне ўспамінаецца, як Валодзя, смакуючы піва, паўтараў: “Чэска півечка любяць усе”. І любіў ён страшэнна цытаваць верш пра тое, як п’яны верабей загуляў і позна прыйшоў дадому. Верш канчаўся так:

Вечар быў такі ласкавы. Не хвалюйся, Дуся. Не хацелася ляцець, Я рашыў – прайдуся”.

Жартачкі на гэтую тэму Караткевіч мог дазволіць сабе ня толькі зь сябрамі й жонкаю, а нават з тымі, хто тады вяршыў пісьменьніцкія лёсы.

(Барадулін: ) “Яму нічога ня значыла падысьці да Кузьміна, сакратара ЦК КПБ па ідэалёгіі, каторага ўсе баяліся, і сказаць: “Вось у мяне ёсьць такія пігулкі, што можна выпіць – і паху ня будзе”,

Ніна Ўладзімераўна Адамчык, жонка пісьменьніка Вячаслава Адамчыка, кватэра якога – спачатку на вуліцы Чарнышэўскага, а потым на К.Маркса ў Менску – была на адной пляцоўцы (і там, і там на пятым паверсе) з кватэраю Караткевіча, таксама спамінае непаўторны сьмех свайго суседа.

(Адамчык: ) “Калі я праходзіла міма Караткевічавай кватэры, то чула, як ён усьміхаецца (сама сьмяецца). Я думала, так сьмяяцца можа толькі харошы чалавек. Потым мы жартавалі, што калі Караткевіч усьміхаецца, то на першым паверсе чуваць. У яго быў такі звонкі, такі чысты, асаблівы нейкі сьмех чалавека, у якога няма нічога дрэннага за душой”.

Ніна Ўладзімераўна распавяла ня толькі сьмешныя, але й трагічныя моманты даўняга суседзтва й шчырага сяброўства з Караткевічам. Як ні дзіўна, але ня бацька-пісьменьнік, а сусед-пісьменьнік блаславіў у творчы шлях ейных сыноў, цяпер вядомых літаратараў Адама Глёбуса й Міраслава Шайбака. А прачытаўшы першы зборнік вершаў малодшага, Міраслава, які даверыў яму рукапіс перад адыходам у войска, Караткевіч напрарочыў сваю сьмерць.

(Адамчык: ) “Мінула некалькі дзён, як ён прачытаў, напісаў свае заўвагі. Прыходзіць, а Мірык ужо ў войску. Я яму гавару: “Валодзечка, ён пайшоў ужо. Потым, як вернецца, пакажаш яму заўвагі”. А ён кажа: “Ніна, а я Мірыка больш ня ўбачу”. Я, канечне, падумала пра сваё: быў жа Аўганістан тады… Я на яго закрычала: чаму-та ён ня вернецца… Што крычала, то ўжо й слоў тых ня помню. Таму што мяне калаціла ўсю… Ён падхапіўся, узяў мяне за рукі й сказаў: “Сядзь! Гэта я не дачакаюся яго!” І пайшоў за дзьверы… І ён не дачакаўся Мірыка… Памёр праз два тыдні…”

Караткевічаў талент прарочыць свой лёс адзначалі многія. У нашым архіве захаваліся ўспаміны старэйшай сястры пісьменьніка Наталі Кучкоўскай, якое таксама ўжо няма сярод жывых. Паводле словаў спадарыні Кучкоўскай, Караткевіч, яшчэ школьнік, жартам сказаў, што на будынку аршанскае радзільні, у якой ён зьявіўся на сьвет у 1930 годзе, будзе мэмарыяльная шыльда. Будучы пісьменьнік тады крыху памыліўся, бо на былой радзільні цяпер не мэмарыяльная шыльда, а ў ёй у 2000 годзе адкрыты музэй знакамітага аршанца.

(Кучкоўская: ) “Недзе, напэўна, у дзясятай клясе гулялі моладзь і Валодзя па вуліцы. І пайшоў дождж. Яны схаваліся на гэтым ганку пад дахам. Штось там гаварылі. А тады Валодзя сказаў: “Вось тут я нарадзіўся, і тут будзе пра гэта мэмарыяльная дошка…”

У кожнага з тых, хто ведаў пісьменьніка, ён свой, непаўторны. Але ва ўсіх успамінах ён выступае шчодра адораным прыродаю ва ўсялякіх праявах творчага й чалавечага таленту, які Рыгор Барадулін укладае ў кароткую, але ёмістую фразу.

(Барадулін: ) “Гаварыць пра Караткевіча трэба многа: гэта і энцыкляпэдыя, гэта і геній, і жывы натуральны беларус незакамплексаваны – ён будзе жыць яшчэ доўга”.

Успаміны пра Караткевіча чакаюць свайго зьбіральніка й складальніка ўжо дваццаць гадоў. Адрозна ад твораў самога Караткевіча, гэтыя ўспаміны могуць сысьці разам з аўтарамі. І тое будзе недаравальна, бо зьнікнуць незаменныя штрыхі поліфанічнае натуры, роўную якой Бог так рэдка пасылае на тутэйшыя абшары.