Абаронца М. Марыніча зьвярнулася да генэральнага пракурора В. Шэймана з просьбай тэрмінова зьмяніць меру стрыманьня М. Марынічу

Алег Грузьдзіловіч, Менск Адвакат Вера Страмкоўская спасылаецца на зьвесткі пра пагаршэньне стану здароўя арыштаванага ва ўмовах летняй сьпякоты. Спадарыня Страмкоўская пераканана, што далейшае ўтрыманьне Міхаіла Марыніча ў ізалятары КГБ небясьпечна для ягонага здароўя. Абаронца спасылаецца на дадзеныя нядаўняга мэдычнага агляду Міхаіла Марыніча й на свае асабістыя ўражаньні ад апошняй сустрэчы зь ім у ізалятары.
(Страмкоўская: ) “Ягоны стан здароўя пагаршаецца, ён адчувае сябе кепска. Асабліва цяпер, калі стаіць гэткая сьпякота, а там няма вэнтыляцыі. Ён страціў вагу, стаў бледны. Я вельмі непакоюся за ягонае здароўе. І таму вырашыла зьвярнуцца наўпрост да Шэймана. Бо ўсе мае папярэднія скаргі ў пракуратуру Менскай вобласьці й да сьледчых не былі задаволены”.

Паводле адваката Веры Страмкоўскай, сьледчых дзеяньняў з удзелам Міхаіла Марыніча “фактычна не вядзецца”. Між тым, сьледчыя КГБ, адмаўляючы ў зьмене меры стрыманьня для Марыніча, абгрунтоўваюць гэткае стаўленьне да яго яшчэ незавершаным сьледзтвам.

Скаргі адваката на незаконнае ўтрыманьне Міхаіла Марыніча пад вартай двойчы разглядалі судзьдзі. Але пакінулі іх без задавальненьня. Адвакат спадзяецца, што асабісты зварот да генэральнага пракурора зьменіць становішча.

Былы міністар і амбасадар у Латвіі Міхаіл Марыніч утрымліваецца ў ізалятары КГБ “амэрыканка” з 26 красавіка. Яго зьвінавачваюць за незаконныя дзеяньні са зброяй. Падставай для гэтага аказалася выяўленьне баявога пісталету, прыхаванага, нібыта, на лецішчы экс-міністра.

Між тым, спадар Марыніч вінаватым сябе не прызнае й заяўляе, што яго незаконна ўтрымліваюць у ізалятары з мэтай пазбаўленьня магчымасьці абрацца ў новы парлямэнт.

Варта згадаць, у зьвязку з адбываным, папярэднія – да арышту – падзеі: у 2001 годзе Міхаіл Марыніч спрабаваў вылучыцца кандыдатам на прэзыдэнта, а пасьля адстаўкі з пасады амбасадара далучыўся да апазыцыі.