Падаткавая інспэкцыя не адмовілася ад сваіх прэтэнзіяў да Беларускага Хэльсынскага камітэту

Алег Грузьдзіловіч, Менск 22 ліпеня калегія Менскага гарадзкога гаспадарчага суду пачала разгляд касацыйнай скаргі падаткавікоў на прысуд у справе Беларускага Хэльсынскага камітэту.
Нагадаем: два тыдні таму гарадзкі Гаспадарчы суд прызнаў беспадстаўнымі прэтэнзіі да БХК, паводле якіх праваабаронцы мусілі заплаціць амаль 80 тысяч даляраў падаткаў з грашовай дапамогі ў межах праграм ТАСІС. Аднак падаткавая інспэкцыя Маскоўскага раёну Менску з гэтым рашэньнем не пагадзілася.

Разгляд касацыйнай скаргі падаткавікоў зацягнецца, бо судзьдзі зноў запатрабавалі ад Ураду дакумэнты аб парадку выдаткаваньня грантаў ТАСІС.

“Нас насьцярожвае запыт дакумэнтаў, якія ўжо ёсьць у справе. Мы не выключаем, што замест прававога падыходу перавагу зноў набудзе палітычны падыход”, – пракамэнтаваў пачатак працэсу выканаўчы дырэктар Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.